Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
23 верасня 2022, 14:43

Беларускія і літоўскія футбалісты паспаборнічаюць за права застацца ў лізе С Лігі нацый

23 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасля матчаў 5-га тура футбольнай Лігі нацый вызначыліся дзве каманды, якія будуць спаборнічаць за захаванне месца ў лізе С, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У 3-й групе зборная Беларусі страціла шанцы падняцца з апошняга месца пасля выязнога паражэння ад каманды Казахстана (1:2) і гасцявога выйгрышу азербайджанцаў у славакаў з такім жа рэзультатам. Футбалісты Казахстана за тур да заканчэння групавой стадыі забяспечылі сабе выхад у лігу В Лігі нацый. Становішча каманд пасля пяці гульнявых дзён: Казахстан - 13 ачкоў, Азербайджан - 7, Славакія - 6, Беларусь - 2. З казахстанскай сталіцы беларусы адправіліся ў сербскі горад Бачка-Топала, дзе 25 верасня правядуць апошні паядынак групавога этапу супраць каманды Славакіі. У сёлетнім турніры зборная Беларусі набрала ўсяго 2 ачкі, згуляўшы ўнічыю з футбалістамі Азербайджана (0:0) і Казахстана (1:1). Акрамя таго, беларусы ўступілі славакам (0:1) і азербайджанцам (0:2).

Разам з беларускімі футбалістамі ў стыкавых паядынках за права застацца ў лізе С згуляе зборная Літвы. У перадапошнім туры 1-й групы літоўцы не змаглі перамагчы ў Вільнюсе каманду Фарэрскіх астравоў (1:1) і занялі апошняе месца. У другім паядынку туркі ў Стамбуле ў час сустрэчы з Люксембургам тройчы прайгравалі, але ў выніку звялі матч унічыю і забяспечылі сабе першае месца і павышэнне ў класе. Становішча каманд пасля 5 тураў: Турцыя - 13 ачкоў, Люксембург - 8, Фарэрскія астравы - 5, Літва - 1.

Сёння лідар 4-й групы лігі С зборная Грузіі прыме ў Тбілісі свайго канкурэнта ў барацьбе за першае месца каманду Паўночнай Македоніі. Футбалісты Балгарыі згуляюць у Разградзе з гасцямі з Гібралтара. Становішча каманд пасля 4 гульнявых дзён: Грузія - 10 ачкоў, Паўночная Македонія - 7, Балгарыя - 3, Гібралтар - 1.

У квартэце 2 сустрэчы перадапошняга тура пройдуць 24 верасня: Кіпр - Грэцыя, Паўночная Ірландыя - Косава. Становішча каманд пасля 4 тураў: Грэцыя - 12 ачкоў, Косава - 6, Паўночная Ірландыя - 2, Кіпр - 2.

Па выніках групавога этапу пераможцы чатырох квартэтаў атрымаюць права згуляць у наступным сезоне рангам вышэй - у лізе В. Каманды, якія фінішуюць апошнімі, правядуць стыкавыя матчы, пасля якіх дзве з іх апусцяцца ў лігу D.

Цяперашні сезон Лігі нацый трэці па ліку. Пераможцам першага ў 2019 годзе стала зборная Партугаліі, у 2021 годзе турнір выйгралі футбалісты Францыі. Зборная Беларусі стартавала з лігі D і, заняўшы першае месца ў 2-й групе, паднялася ў лігу С. У мінулым сезоне беларусы не змаглі атрымаць павышэнне ў класе: яны сталі другімі ў 4-й групе, уступіўшы першую пазіцыю албанцам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі