Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
22 ліпеня 2022, 11:42

Беларускія футбольныя клубы прайгралі ў кваліфікацыі Лігі канферэнцый

22 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія футбольныя клубы няўдачна правялі стартавыя паядынкі 2-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі канферэнцый, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Бронзавыя прызёры чэмпіянату Беларусі футбалісты мінскага "Дынама" ўступілі ў ізраільскай Беэр-Шэве мясцоваму "Хапаэлю" з рэзультатам 1:2. Ужо на 1-й мінуце гульні Сагіў Ехезкель адкрыў лік, на 52-й мінуце Ратэм Хатуэль другі раз трапіў у вароты Ягора Хаткевіча, а потым Арцём Канцавой адыграў адзін мяч. У першым раўндзе дынамаўцы адолелі па суме дзвюх сустрэч чарнагорскі "Дэчыч" - 1:1 і 2:1.

Футбалісты барысаўскага БАТЭ ў турэцкім горадзе Конья прайгралі "Каньяспору" з лікам 0:3. У першай палавіне сустрэчы больш атакавалі гаспадары поля, але доўгі час барысаўчане паспяхова абараняліся. Аднак на 39-й мінуце гульні чарговая атака турэцкай каманды завяршылася дакладным ударам Зюмера Бюцюкі. Хутка паўабаронца "Каньяспора" Угурджан Язгылы атрымаў другое папярэджанне і лідары чэмпіянату Беларусі атрымалі колькасную перавагу. Аднак скарыстацца гэтым падапечныя Аляксандра Міхайлава не змаглі і пасля перапынку прапусцілі яшчэ два мячы. На 58-й мінуце гол забіў польскі нападаючы турэцкага клуба Конрад Міхаляк, а перад самым фінальным свістком апошнюю кропку паставіў харват Роберт Мурыч.

"Гомель" пацярпеў вялікае паражэнне ў гасцях у грэчаскага "Арыса" - 1:5. Гульню ў Салоніках уладальнікі Кубка Беларусі пачалі нядрэнна і на 11-й мінуце выйшлі наперад пасля таго, як бразільскі абаронца грэчаскага клуба Фабіяна зрэзаў мяч у свае вароты. Аднак гэты поспех стаў для гамяльчан адзіным. Яшчэ да перапынку гаспадары тройчы трапілі ў вароты Дзяніса Садоўскага: на 16-й мінуце Андрэ Грэй рэалізаваў пенальці, потым вызначыўся Хуан Ітурбе, а затым мяч забіў Рафаэл Камашу. У другой палавіне "Арыс" таксама дамінаваў, і на 61-й мінуце Луіс Пальма эфектна выканаў штрафны ўдар. Яшчэ праз 15 мінут груба памыліўся галкіпер гасцей і Андрэ Грэй устанавіў канчатковы рэзультат - 5:1 на карысць гаспадароў поля.

Паядынкі ў адказ за выхад у 3-і круг кваліфікацыі ЛК адбудуцца 28 ліпеня.

Салігорскі "Шахцёр", які ўступіў у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў славенскаму "Марыбару", прадоўжыць выступленне ў Лізе канферэнцый. У 3-м адборачным раўндзе яго сапернікам будзе пераможца матчаў паміж румынскім ЧФР (Клуж-Напока) і андорскім "Інтэрам". Учора румынскі клуб выйграў у сябе дома з лікам 3:0.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі