Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
28 кастрычніка 2020, 09:47

Беларускія футбалісткі прайгралі камандзе Паўночнай Ірландыі ў кваліфікацыі ЧЕ

28 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Футбалісткі зборнай Беларусі прайгралі камандзе Паўночнай Ірландыі з лікам 0:1 у адборачным матчы чэмпіянату Еўропы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У першым тайме сустрэчы на полі мінскага стадыёна "Дынама" невялікая перавага была на баку гасцей, хоць на 27-й хвіліне яны засталіся ў меншасці пасля выдалення галкіпера Жаклін Бернс. Аднак беларускі не змаглі скарыстацца колькаснай перавагай, больш таго - незадоўга да перапынку яны апынуліся ў ролі даганяючых: пасля вуглавога ўдару гол у вароты Кацярыны Міклашэвіч забіла Рэйчэл Фернес. У другой палавіне гульні падапечныя Юрыя Малеева прыклалі нямала намаганняў, каб адыграцца, стварылі некалькі небяспечных сітуацый каля варот саперніц, але поспеху так і не дабіліся.

Да гэтага беларускія спартсменкі двойчы абыгралі аўтсайдара турніру каманду Фарэрскіх астравоў - 6:0 (дома) і 2:0 (у гасцях), а таксама на сваім полі пацярпелі два паражэнні: ад Нарвегіі (1:7) і Уэльса (0:1).

Футбалісткі Уэльса ў Кардыфе ўступілі нарвежскай зборнай з лікам 0:1.

Цяпер становішча ў групе С такое: Нарвегія - 18 ачкоў (6 матчаў), Уэльс - 11 (7), Паўночная Ірландыя - 8 (6), Беларусь - 6 (5), Фарэрскія астравы - 0 (6).

У бягучым годзе беларускі яшчэ павінны правесці дзве выязныя сустрэчы: 27 лістапада ў Паўночнай Ірландыі і 1 снежня ва Уэльсе. Гасцявы матч з нарвежкамі, які павінен быў адбыцца 21 кастрычніка, у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй быў перанесены на наступны год.

У фінальную стадыю жаночага кантынентальнага першынства выйдуць пераможцы дзевяці кваліфікацыйных груп, а таксама тры лепшыя каманды з заняўшых другія месцы. Яшчэ тры пуцёўкі ў матчах плэй-оф разыграюць астатнія шэсць зборных, якія фінішуюць другімі ў сваіх групах.

Першапачаткова фінальны турнір павінен быў адбыцца летам 2021 года, але ў сувязі з пандэміяй COVID-19 было вырашана перанесці яго на год. Плануецца, што фінальная стадыя жаночага Еўра пройдзе на англійскіх футбольных арэнах з 6 па 31 ліпеня 2022 года. Беларускія футбалісткі яшчэ ні разу не выходзілі ў фінальную стадыю чэмпіянатаў свету і Еўропы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі