Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
27 студзеня 2022, 15:26

Беларускія біятланісты прыбылі ў алімпійскі Пекін

27 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першая група беларускай алімпійскай дэлегацыі прыбыла ў Пекін для ўдзелу ў XXIV зімовай Алімпіядзе, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Нацыянальным алімпійскім камітэце.

Першай з беларускіх спартсменаў у міжнародны аэрапорт Шаўду прыляцела мужчынская каманда біятланістаў, у складзе якой Антон Смольскі, Максім Варабей, Мікіта Лабастаў, Дзмітрый Лазоўскі і Раман Ялётнаў. Пасля ўсіх неабходных працэдур каманда пачне падрыхтоўку да галоўных стартаў чатырохгоддзя ў Нацыянальным біятлонным цэнтры ў Чжанцзякоу. Першыя медалі Гульняў будуць разыграны 5 лютага ў змешанай эстафеце. Сярод асоб, якія прыбылі ў кітайскую сталіцу, шэф беларускай місіі Аляксандр Гагіеў, а таксама медыцынская група.

Заўтра чакаецца прыбыццё ў Пекін алімпійскай каманды Беларусі па канькабежным спорце. Усяго ў складзе беларускай спартыўнай дэлегацыі 29 атлетаў, якія будуць змагацца за алімпійскія ўзнагароды ў шасці відах спорту: біятлон, горныя лыжы, канькабежны спорт, лыжныя гонкі, фрыстайл і фігурнае катанне.

Спартсмены Беларусі восьмы раз выступяць на зімовых Алімпійскіх гульнях. На папярэдняй зімовай Алімпіядзе ў паўднёвакарэйскім Пхёнчхане беларусы заваявалі 3 узнагароды (два залатыя медалі і сярэбраны), заняўшы 15-е месца ў медальным заліку, а ўсяго ў актыве зборнай Беларусі на сямі зімовых Гульнях 18 медалёў - 8 залатых і па 5 сярэбраных і бронзавых. Лепшым рэзультатам з'яўляецца 8-е месца ў медальным заліку Сочы-2014, калі ў скарбонцы беларускай зборнай было 6 узнагарод - 5 залатых і 1 бронзавая.

Паводле даных арганізатараў Гульняў, у Пекіне выступяць больш за 4 тыс. спартсменаў з 95 краін. Будзе разыграна 109 камплектаў алімпійскіх узнагарод у 15 дысцыплінах 7 відаў спорту. Урачыстае адкрыццё Алімпіяды адбудзецца 4 лютага, а закрыццё пройдзе 20 лютага на Пекінскім нацыянальным стадыёне. На гэтай арэне, якая ўмяшчае 91 тыс. гледачоў, у 2008 годзе праходзілі спаборніцтвы ХХІХ летніх Алімпійскіх гульняў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі