Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
22 сакавіка 2024, 10:37

Беларускія батутысты прадоўжаць барацьбу за алімпійскія ліцэнзіі на этапе Кубка свету ў Германіі

Фота Unsplash
Фота Unsplash
22 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У нямецкім Котбусе стартуе заключны пяты этап Кубка свету па скачках на батуце сезона-2023/24, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

На спаборніцтвы ў індывідуальных скачках заяўлены больш за 160 спартсменаў, сярод удзельнікаў восем беларускіх атлетаў - алімпійскі чэмпіён Іван Літвіновіч, чэмпіёны свету Алег Рабцаў і Андрэй Буйлоў, а таксама Станіслаў Яскевіч, Кацярына Яршова, Віялета Бардзілоўская, Марыя Сяргеева і Злата Мініяхметава. У пятніцу на этапе адбудзецца першая кваліфікацыя, з якой далей пройдуць па 24 лепшыя ўдзельнікі сярод мужчын і жанчын. Другі адборачны старт пройдзе ў суботу, адтуль у фіналы пройдуць па восем чалавек. Медалі будуць разыграны 24 сакавіка.

Кубак свету па скачках на батуце з'яўляецца адборачным турнірам на Алімпійскія гульні 2024 года. Ліцэнзіі ў Парыж як у мужчынскім, так і ў жаночых заліках атрымаюць мінімум пяцёра мацнейшых батутыстаў па выніках розыгрышу - улічвацца будуць толькі два лепшыя рэзультаты з пяці. Беларускія спартсмены былі вымушаны прапусціць тры першыя этапы Кубка ў 2023 годзе, але дзякуючы гэтаму правілу магчымасць трапіць на Гульні застаецца. Найбольшыя шанцы на ліцэнзію захоўвае Іван Літвіновіч, які на чацвёртым этапе ў Баку ў лютым заняў трэцяе месца і атрымаў 50 ачкоў, што пакуль адпавядае дзявятаму месцу сусветнага рэйтынгу.

Акрамя таго, сёння ў сталіцы Грэцыі Афінах стартуе першы этап Кубка свету па мастацкай гімнастыцы, дзе выступіць лідар нашай каманды, алімпійская медалістка Токіа Аліна Гарнасько. У суботу дзяўчаты вызначаць мацнейшых у мнагабор'і, а ў нядзелю адбудуцца фіналы ў асобных відах. Гэты турнір не з'яўляецца кваліфіцыйным на Гульні-2024, выступіць у Парыжы прадстаўніцы беларускай мастацкай гімнастыкі ўжо не змогуць.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі