
5 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Баскетбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі пацярпелі паражэнне ў першым таварыскім матчы ў Казахстане, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У першым паядынку ў казахстанскай сталіцы падапечныя Расціслава Вергуна ўступілі баскетбалістам "Астаны" з розніцай шэсць ачкоў - 75:81. Самым рэзультатыўным у складзе беларусаў стаў Уладзіслаў Блізнюк, у актыве якога 19 ачкоў. Сёння сапернікі сустрэнуцца зноў. З Астаны беларускія баскетбалісты адправяцца ў Маскву, дзе 9 і 11 чэрвеня правядуць два кантрольныя паядынкі са зборнай Расіі.
Тым часам мужчынская зборная Беларусі па баскетболе 3х3 у Мінску рыхтуецца да прадстаўнічага міжнароднага турніру Sirius Cup, які пройдзе ў Сочы 7-9 чэрвеня. Сярод сапернікаў дружыны Дзмітрыя Калтунова моцныя калектывы з Сербіі, Казахстана і Расіі. Трэнеры беларускай зборнай таксама праглядаюць маладых ігракоў, якія могуць трапіць у каманду на II Гульні краін СНД, што пройдуць у жніўні.-0-