Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
27 лістапада 2020, 09:03

Беларускія баксёры сталі пераможцамі міжнароднага турніру памяці Віктара Лівенцава

27 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія баксёры сталі пераможцамі міжнароднага турніру памяці Героя Савецкага Саюза Віктара Лівенцава, які праходзіў у фармаце матчавай сустрэчы на рынгу сталічнага Палаца спорту, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У заключны дзень спаборніцтваў перамог дабіліся Галіна Бруевіч (57 кг), Вікторыя Таліман (60 кг), Аліна Вебер (69 кг), Дзмітрый Асанаў (63 кг) і Яўген Макарэвіч (69 кг).

Дзякуючы гэтым поспехам падапечныя Сяргея Асанава набралі 60 ачкоў у камандным заліку і сталі ўладальнікамі галоўнага прыза спаборніцтваў. Другое месца з 46 пунктамі заняла дружына Украіны. Каманды Францыі і Іспаніі падзялілі трэцяе месца па выніках спаборніцтваў.

Камандны фармат турніру памяці Віктара Лівенцава выбраны ў гэтым годзе для таго, каб лідары зборнай Беларусі, якія рыхтуюцца да адбору на Гульні ў Токіа, атрымалі баявую практыку. Баі праходзілі ў алімпійскіх вагавых катэгорыях - пяці ў жанчын і васьмі ў мужчын. Акрамя прызнаных лідараў баксіраваць атрымалі права і маладыя атлеты, якія будуць касцяком нацыянальнай каманды ў адборачным цыкле да галоўных стартаў чатырохгоддзя 2024 года ў Парыжы.

Ва ўмовах пандэміі спаборніцтвы праходзілі ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя і Міжнароднай федэрацыі бокса. Уваход гледачоў на трыбуны быў абмежаваны. Для аматараў бокса вялася анлайн-трансляцыя з месца падзей.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі