
20 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі велагоншчык Марк Грынкевіч заваяваў золата на міжнародных спаборніцтвах па веласіпедным спорце на шашы "Нарт Адыгеі" ў Майкопе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Турнір у сталіцы Адыгеі з'яўляецца альтэрнатыўным для беларускіх і расійскіх веласіпедыстаў і праводзіцца ў тэрміны чэмпіянату свету і па яго праграме. Спаборніцтвы праходзяць у трох узроставых катэгорыях - сярод юніёраў і юніёрак, спартсменаў не старэйшых за 23 гады і дарослых атлетаў. Медалі разыгрываюцца ў індывідуальных і групавых гонках, а таксама ў змешанай эстафеце.
У другі дзень турніру былі вызначаны прызёры ў гонцы на час сярод моладзі (U23). Перамогу атрымаў беларускі гоншчык Марк Грынкевіч, які пераадолеў дыстанцыю 23,5 км за 28 мінут і 52 секунды. Усяго на старт выйшлі 42 веласіпедысты, уключаючы 6 беларусаў. На дзень раней у індывідуальнай гонцы спаборнічалі мужчыны, два прадстаўнікі нашай краіны фінішавалі за крок ад подыума: Раман Раманаў заняў 4-е месца, Яўген Каралёк - 5-е.
У аўторак, 20 верасня, у гонцы на час з раздзельнага старту лепшых вызначаць юніёры і юніёркі. Акрамя беларускіх і расійскіх гоншчыкаў удзел у міжнародных спаборніцтвах "Нарт Адыгеі" прымаюць спартсмены з Ірана, Егіпта, Сербіі, Манголіі, Казахстана і Узбекістана.-0-