
6 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У вёсцы Архіпа-Осіпаўцы Краснадарскага края РФ завяршыліся Усерасійскія спаборніцтвы па велакросе з удзелам беларускіх спартсменаў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Веласіпедысты разыгралі медалі ў чатырох узроставых катэгорыях. Па выніках мужчынскіх спаборніцтваў прадстаўнік Беларусі Дайніс Брыцыс паказаў другі рэзультат, уступіўшы Цімафею Іванову (Санкт-Пецярбург). Удзел у мужчынскім заездзе прынялі яшчэ тры беларусы: Міхаіл Бясага - 7-ы, Уладзіслаў Барнатовіч - 10-ы, Міхаіл Клімук - 11-ы сярод 15 удзельнікаў.
У спаборніцтвах юніёраў (спартсменаў не старэйшых за 18 гадоў) лепшым з беларусаў стаў Максім Малышка, які заняў 6-е месца. Таксама ў дзясятку мацнейшых трапіў Кірыл Марчык (9-я пазіцыя). Усяго на старт юніёрскага турніру выйшлі 18 велагоншчыкаў.-0-