
19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў (664-ы нумар сусветнага рэйтынгу) не змог прабіцца ў асноўную сетку турніру катэгорыі АТР-250 у кітайскім Чэнду з прызавым фондам $1,5 млн, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння ў першым раўндзе кваліфікацыі беларус уступіў расіяніну Яўгену Данскому (234) - 6:7 (3:7), 6:4, 6:7 (4:7). У вырашальным паядынку за выхад у асноўную сетку сапернікам Данскога будзе аўстраліец Філіп Секуліч (325).
У 1/8 фіналу парнага разраду жаночага турніру ў кітайскім Ч'янчжоу з прызавым фондам $259 тыс. беларуска Лідзія Марозава і расіянка Дзіяна Шнайдэр перамаглі чэшска-брытанскі тандэм Лінда Фрухвіртава / Мая Люмсдэн - 6:4, 6:4. У чвэрцьфінале Марозава і Шнайдэр сустрэнуцца з японскай парай Макота Ніномія / Эры Хадзумі.
Сёння вечарам на турніры WTA-1000 у Гвадалахары беларускія тэнісісткі правядуць паядынкі другога раўнда. Вікторыя Азаранка (23) згуляе з украінкай Даянай Ястрэмскай (102), а Аляксандра Сасновіч будзе спаборнічаць з французскай тэнісісткай Каралін Гарсіяй (11).-0-