
22 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У 2022 годзе будуць упершыню арганізаваны спаборніцтвы Беларускай лёгкаатлетычнай лігі. Яны стануць аналагам міжнародных турніраў і пройдуць у адкрытым рэжыме, з удзелам прадстаўнікоў іншых краін. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства спорту і турызму.
БЛЛ-2022 будзе складацца з 13 этапаў спаборніцтваў, прадугледжаных рэспубліканскім каляндарным планам, па выніках якіх спартсменам будуць выплачвацца бонусы і прызавыя ў адпаведнасці з прызавой сеткай. Фіналы лігі плануецца правесці 16-18 жніўня на Нацыянальным алімпійскім стадыёне "Дынама". Акрамя БЛЛ будуць праводзіцца рэспубліканскія спаборніцтвы для лёгкаатлетаў розных узростаў - ад дзяцей да ветэранаў, адзначыў старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Іван Ціхан. У прыватнасці, 6-8 ліпеня ўпершыню пройдзе першынство краіны сярод юных выхаванцаў вучылішчаў алімпійскага рэзерву.
Міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук падкрэсліў, што трэба прапрацаваць пытанне аб правядзенні альтэрнатыўных турніраў і вызначыць базы для вучэбна-трэніровачных збораў з атлетамі краін Азіі і СНД. Спаборніцтвы і зборы павінны быць арганізаваны на самым высокім узроўні, каб спартсмены канкурыравалі і мелі максімальную матывацыю.-0-