Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
10 снежня 2019, 09:18

Беларусь перамагла Аўстрыю ў матчы маладзёжнага ЧС па хакеі ў Мінску

10 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зборная Беларусі перамагла каманду Аўстрыі ў заключным матчы першага дня маладзёжнага чэмпіянату свету (Д1А) па хакеі ў Мінску з лікам 4:3 (2:3, 1:0, 1:0).

Аўстрыйцы стартавалі агрэсіўна і выйгравалі па хуткасці ў беларускіх абаронцаў, якія дзейнічалі даволі акадэмічна. Пасля адной памылкі гаспадароў лік адкрылі аўстрыйцы.

Пасля гэтага ўзяцця варот падапечныя Дзмітрыя Дудзіка пайшлі наперад - іх сапернікі сталі парушаць правілы. Застаўшыся ў меншасці на 7-й хвіліне аўстрыйцы прапусцілі вострую атаку. Аўтарам першай шайбы беларусаў на дамашнім чэмпіянаце стаў Віталь Пінчук, які зраўнаваў лік. Аднак гэты момант не стаў пераломным. На 10-й хвіліне сустрэчы Бенджамін Баўмгартнер зноў вывеў аўстрыйцаў наперад. Адказам на гэту шайбу стала рэзультатыўная атака беларусаў на 18-й хвіліне першага перыяду. Раўнавага пратрымалася менш за хвіліну: аўстрыец Паўль Хубер зноў вывеў сваю зборную наперад.

Пасля перапынку гульня змянілася не так радыкальна, як аб гэтым марылі балельшчыкі беларускай дружыны, якія запоўнілі трыбуны "Чыжоўка-Арэны". Аўстрыйцы глядзеліся больш мабільна, пагражаючы варотам Мікіты Талапілы. Нарэшце, беларусам удалося трэці раз за матч аднавіць раўнавагу ў ліку: Андрэй Паўленка ў падзенні пераправіў шайбу ў вароты Аляксандра Шміта.

Пасля гэтага беларусы канчаткова атрымалі ўпэўненасць. Яны пачалі больш агрэсіўна змагацца, дадалі ў хуткасцях, і станоўчыя змяненні не прымусілі сябе чакаць. У пачатку трэцяга перыяду Аляксей Протас упершыню ў гэтым матчы вывеў падапечных Дзмітрыя Дудзіка наперад. Пасля гэтага каманды пачалі гуляць у адкрыты хакей. І беларусы, і аўстрыйцы мелі нямала шанцаў трапіць у вароты канкурэнтаў, аднак варатары дзейнічалі беспамылкова.

У другі дзень спаборніцтваў, 10 снежня, беларусы сустрэнуцца з равеснікамі з Латвіі, 12 снежня згуляюць з нарвежцамі, 13 снежня - матч са славенцамі, 15 снежня адбудзецца паядынак супраць каманды Даніі. Пуцёўку ў элітны дывізіён сусветнага маладзёжнага першынства атрымае толькі пераможца.

Усе матчы мінскага турніру трансліруе тэлеканал "Беларусь 5".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі