Павел Глінчук. Фота з архіва Беларускай федэрацыі барацьбы
20 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі барэц грэка-рымскага стылю Павел Глінчук стаў бронзавым прызёрам на чэмпіянаце свету 2025 года, які праходзіць у Харватыі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Па ходзе турніру ў самай цяжкай вагавой катэгорыі да 130 кг Глінчук перамог грузіна Сулхана Буідзэ, армяніна Разміка Курдзяна і Мухамета Бакыра з Турцыі, але ў паўфінале мінімальна ўступіў венгру Дарыусу Вітэку. У паядынку за трэцяе месца Павел не пакінуў шанцаў украінцу Мікалаю Кучмію - 9:1. Да гэтага часу буйнейшым дасягненнем Глінчука на міжнародных стартах было золата маладзёжнага ЧС-2023.
Да медальнай схваткі дабраўся і наш Кірыл Маскевіч, які выступае ў вазе да 97 кг. Беларус атрымаў тры перамогі ў папярэдніх паядынках, але ў паўфінале прайграў алімпійскаму чэмпіёну Парыжа іранцу Махамадхадзі Сараві. За бронзавы медаль планетарнага форуму Маскевіч паспрачаецца вечарам 20 верасня, яго апанент вызначыцца сёння днём.
Таксама ў суботу выступленні на чэмпіянаце свету ў Заграбе пачнуць нашы Глеб Макаранка (да 67 кг) і Станіслаў Шафарэнка (да 87 кг). Яшчэ адзін барэц грэка-рымскага стылю з Беларусі Аляксандр Лявончык пакінуў турнір на стадыі адной восьмай фіналу ў катэгорыі да 72 кг. Усяго галоўны старт сезона сабраў у Харватыі больш за 850 спартсменаў.-0-
