Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
11 лістапада 2020, 10:51

Беларусь гатова праводзіць ЧС-2021 па хакеі, заклікі да байкоту няслушныя - Галоўчанка

11 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь гатова правесці чэмпіянат свету па хакеі ў 2021 годзе, заклікі да байкоту няслушныя, заявіў сёння прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка на пасяджэнні аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні ЧС-2021, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы гатовы да правядзення чэмпіянату. Бяспека балельшчыкаў і спартсменаў будзе арганізавана. Таму заклікі да байкоту, якія часам гучаць, няслушныя", - сказаў Раман Галоўчанка.

Тым не менш, паводле яго слоў, павінен быць алгарытм дзеянняў у выпадку змянення фармату чэмпіянату, у тым ліку правядзення яго цалкам на тэрыторыі Беларусі. "Міністэрства спорту і турызму заяўляе пра гатоўнасць да такога фармату. Відавочна, што для гэтага спатрэбяцца і дадатковае фінансаванне, і мабілізацыя дадатковых рэсурсаў", - адзначыў кіраўнік урада.

Важным аспектам, які трэба ўлічыць пры падрыхтоўцы, ён назваў эпідэміялагічную сітуацыю. "Верагодна, яна можа ўнесці карэктывы ў фармат правядзення чэмпіянату. Таму да гэтага таксама трэба быць гатовымі і мець у запасе варыянт правядзення мерапрыемства з меншай колькасцю гледачоў", - дадаў Раман Галоўчанка.

Прэм'ер-міністр папрасіў далажыць актуальную інфармацыю аб узаемадзеянні з Міжнароднай федэрацыяй хакея.

"Я ведаю, што дыялог праходзіць у канструктыўным ключы, як і з усімі іншымі федэрацыямі. Міжнародная федэрацыя хакея ўжо неаднаразова заяўляла аб тым, што нейкі перанос або адмена чэмпіянату па палітычных прычынах не мае месца", - сказаў Раман Галоўчанка.

У бліжэйшы час чакаецца даклад аб рабоце групы экспертаў, якая была створана Міжнароднай федэрацыяй хакея для ацэнкі сітуацыі.

Раман Галоўчанка адзначыў, што да пачатку ЧС застаецца няшмат часу, па сутнасці, гэта фінішная прамая. "У цэлым з боку Беларусі падрыхтоўка праходзіць у адпаведнасці з планам. Хачу звярнуць увагу, што спробы дыскрэдытаваць Беларусь як арганізатара мерапрыемства прадаўжаюцца. Сёння пэўныя сілы спрабуюць выкарыстаць правядзенне чэмпіянату ў Беларусі як інструмент шантажу і націску", - лічыць прэм'ер-міністр.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі