Сцяг Серада, 1 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
18 красавіка 2024, 09:54

"Баварыя" і "Рэал" выйшлі ў паўфінал футбольнай Лігі чэмпіёнаў

Фота з архіва
Фота з архіва
18 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасля заключных чвэрцьфіналаў вызначыліся ўсе ўдзельнікі 1/2 фіналу футбольнай Лігі чэмпіёнаў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Дзеючы пераможца чэмпіёнскай Лігі англійскі "Манчэстэр Сіці" прымаў на сваёй арэне мадрыдскі "Рэал" і ўступіў у серыі пасляматчавых пенальці. У асноўны час каманды абмяняліся галамі - у першым тайме ў вароты гаспадароў трапіў бразільскі форвард Радрыга, а пасля перапынку бельгійскі паўабаронца англійскага клуба Кевін Дэ Брэйнэ аднавіў парытэт - 1:1. У дадатковыя паўгадзіны гэты рэзультат не змяніўся, а ў серыі пенальці ўкраінскі галкіпер гасцей Андрэй Лунін узяў два ўдары, і "Рэал" перамог - 4:3. На мінулым тыдні ў іспанскай сталіцы была зафіксавана нічыя - 3:3.
 
У барацьбе за выхад у фінал сапернікам мадрыдцаў будзе мюнхенская "Баварыя", якая ў дамашнім чвэрцьфінале атрымала перамогу над лонданскім "Арсеналам" - 1:0. Адзіны мяч забіў Ёзуа Кіміх, які вызначыўся на 63-й мінуце гульні. У брытанскай сталіцы гэтыя сапернікі разышліся мірам - 2:2.
 
Другую паўфінальную пару склалі французскі "Пары Сен-Жэрмен", які адолеў па суме дзвюх чвэрцьфінальных сустрэч іспанскую "Барселону", і нямецкая "Барусія" з Дортмунда, якая была мацнейшай за мадрыдскі "Атлетыка".

Першыя паўфінальныя сустрэчы пройдуць 30 красавіка і 1 мая, матчы ў адказ адбудуцца 7 і 8 мая. Вырашальны паядынак Лігі чэмпіёнаў адбудзецца 1 чэрвеня на полі лонданскага стадыёна "Уэмблі". У фінале мінулага сезона чэмпіёнскай Лігі "Манчэстэр Сіці" з мінімальнай перавагай (1:0) абыграў у Стамбуле міланскі "Інтэр", які на гэты раз выбыў з барацьбы на стадыі 1/8 фіналу, уступіўшы па суме дзвюх сустрэч "Атлетыка".-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі