Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
20 мая 2021, 11:45

БАТЭ выйграў у "Спадарожніка" ў матчы 10-га тура чэмпіянату Беларусі

20 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Барысаўскі БАТЭ атрымаў валявую перамогу над рэчыцкім "Спадарожнікам" у матчы 10-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Сустрэча на полі "Барысаў-Арэны" пачалася нечакана - на 7-й мінуце Ігар Ясінскі вывеў аўтсайдара нацыянальнага першынства наперад. Прапусціўшы мяч, гаспадары ўзмацнілі націск і яшчэ да перапынку двойчы паразілі вароты сапернікаў. На 31-й мінуце ўзбекскі паўабаронца БАТЭ Шахбоз Умараў з пенальці зраўняў вынік, а праз 6 мінут харвацкі абаронца Якаў Філіповіч забіў пераможны гол - 2:1. Для барысаўчан гэта гульня стала праверкай сіл перад нядзельным фінальным паядынкам Кубка Беларусі з "Іслаччу", якая ўступіла ў Маладзечне "Віцебску" з лікам 0:1. Вырашальны паядынак кубкавага розыгрышу адбудзецца 23 мая ў Гомелі.

Два матчы 10-га тура чэмпіянату краіны пройдуць 21 мая. У Салігорску адбудзецца цэнтральны паядынак - лідар турніру мясцовы "Шахцёр" прыме аднаго са сваіх галоўных канкурэнтаў мінскае "Дынама". У мінулы ўік-энд абодва сапернікі дабіліся перамог: "Шахцёр" выйграў у Гродне ў "Нёмана" (2:1), а сталічныя дынамаўцы на сваёй арэне былі мацнейшыя за "Смаргонь". Таксама ў пятніцу "Славія" у Мазыры сустрэнецца з "Гомелем". Астатнія сустрэчы гэтага тура адбудуцца 22 мая: "Смаргонь" - "Тарпеда-БелАЗ", "Мінск" - "Дынама" (Брэст), "Рух" - "Нёман", "Энергетык-БДУ" - "Слуцк".

Становішча каманд: "Шахцёр" - 27 ачкоў, БАТЭ - 23, "Дынама" (Мінск) - 20, "Дынама" (Брэст) - 17, "Гомель" - 15, "Рух" - 15, "Віцебск" - 15, "Іслач" - 13, "Тарпеда-БелАЗ" - 12, "Мінск" - 10, "Славія" - 8, "Слуцк" - 7, "Нёман" - 6, "Энергетык-БДУ" - 6, "Смаргонь" - 4, "Спадарожнік" - 3.

Бамбардзірскую гонку ўзначальвае гамбійскі форвард "Шахцёра" Дэмба Дарба, які забіў 9 мячоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі