
13 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Баскетбалісты "МІНСКА" другі раз абыгралі "Гродна-93" у серыі за золата чэмпіянату Беларусі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У другой сустрэчы на паркеце "Мінск-Арэны" падапечныя Расціслава Вергуна разграмілі гасцей з перавагай 33 ачкі - 107:74. Пазаўчора ў стартавым паядынку дзеючыя чэмпіёны з цяжкасцю перамаглі каманду Дзмітрыя Кузьміна - 71:67. Наступная сустрэча саіскальнікаў золата адбудзецца 19 мая не ў Гродне, як планавалася раней, а на пляцоўцы сталічнага Falcon Club. У выпадку перамогі мінчане заваююць свой 15-ы запар чэмпіёнскі тытул. Абодва фіналісты выйгралі паўфінальныя серыі з аднолькавым рэзультатам - 3:1. БК "МІНСК" перайграў віцебскі "Рубон", а гродзенцы былі мацнейшыя за магілёўскі "Барысфен".
Учора магіляўчане ў першым матчы за бронзу перамаглі віцябчан на сваёй пляцоўцы з лікам 80:73. Заўтра "Барысфен" зноў прыме "Рубон" у спартыўным комплексе "Алімпіец", а 18 мая яны сустрэнуцца ў Віцебску.
У залатой серыі папярэдняга нацыянальнага чэмпіянату "МІНСК" перайграў "Барысфен", а "Гродна-93" узяў бронзу, перамогшы "Рубон". БК "МІНСК" нікому не ўступае золата з 2009 года. Баскетбалісты "Гродна-93" выйгравалі залатыя медалі 8 разоў, апошні чэмпіёнскі тытул быў заваяваны ў 2004 годзе.
Пераможцам нядаўна праведзенага жаночага чэмпіянату краіны трэці раз запар стаў "Гарызонт", які ў фінальнай серыі за золата тройчы абыграў баскетбалістак гродзенскай "Алімпіі". Бронзавыя ўзнагароды заваявалі баскетбалісткі "МІНСКА", якія атрымалі тры значныя перамогі над "Гомельскімі рысямі".-0-