23 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Лідары жаночага чэмпіянату Беларусі баскетбалісткі "МІНСКА" прайгралі "Гарызонту" ў дадатковы час з розніцай 4 ачкі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Асноўны час паядынку двух фаварытаў нацыянальнага першынства завяршыўся ўнічыю - 61:61, а ў авертайме падапечныя Наталлі Трафімавай змаглі вырваць перамогу з лікам 67:63. У актыве БК "Мінск" 37 ачкоў пасля 20 праведзеных сустрэч, другой ідзе гродзенская "Алімпія", у якой 36 заліковых балаў, на трэцяй пазіцыі баскетбалісткі "Гарызонта", якія набралі 34 ачкі ў 18 гульнях.
Турнірную табліцу мужчынскага чэмпіянату краіны ўзначальвае магілёўскі "Барысфен" - 43 ачкі (23 матчы), на другім месцы "Гродна-93" - 40 (23), трэцім ідзе віцебскі "Рубон" - 37 (23), на чацвёртым радку рэзервовы склад БК "Мінск" - 30 (21). У суботу, 25 лютага, усе лідары сустрэнуцца паміж сабой: "Барысфен" згуляе ў Віцебску супраць "Рубона", а "Гродна-93" прыме на сваёй пляцоўцы рэзервістаў "МІНСКА".-0-