Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
16 лютага 2021, 11:13

Барселона і Будапешт прымуць першыя матчы 1/8 фіналу футбольнай Лігі чэмпіёнаў

16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння пасля зімовага перапынку адновяцца матчы футбольнай Лігі чэмпіёнаў, адбудуцца першыя паядынкі 1/8 фіналу, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У каталонскай сталіцы футбалісты іспанскай "Барселоны" на полі сваёй арэны "Камп Ноу" прымуць французскі "Пары Сен-Жэрмен" (пачатак у 23.00, прамая трансляцыя на тэлеканале "Беларусь 5"). Матч двух фаварытаў турніру будзе судзіць брыгада арбітраў з Нідэрландаў, якую ўзначаліць Б'ёрн Кейперс. У мінулы ўік-энд абодва сапернікі атрымалі перамогі ў сваіх нацыянальных чэмпіянатах. "Барселона" разграміла ў сябе дома "Алавес" з лікам 5:1 і ўзнялася на трэцяе месца ў турнірнай табліцы, уступаючы мадрыдскім "Атлетыка" і "Рэалу". Футбалісты "Пары Сен-Жэрмен" таксама на сваім полі перамаглі "Ніцу" з мінімальнай перавагай 2:1 і займаюць другую пазіцыю ўслед за "Лілем".

У другім сённяшнім паядынку нямецкі "Лейпцыг" на полі "Пушкаш Арэны" ў Будапешце згуляе з англійскім "Ліверпулем". Гэту гульню будзе судзіць славенская брыгада арбітраў на чале са Слаўка Вінчычам. Перад ад'ездам у венгерскую сталіцу "Лейпцыг" абыграў на сваім полі "Аўгсбург" з рэзультатам 2:1 і захаваў за сабой другое месца ў бундэслізе, уступаючы толькі мюнхенскай "Баварыі". Футбалісты "Ліверпуля" пацярпелі трэцяе паражэнне запар у англійскай прэм'ер-лізе, прайграўшы на выездзе "Лестэру" з лікам 1:3. Цяпер падапечныя Юргена Клопа знаходзяцца на чацвёртым месцы ў турнірнай табліцы чэмпіянату Англіі.

Яшчэ два матчы 1/8 фіналу чэмпіёнскай Лігі пройдуць 17 лютага. Партугальскі "Порту" прыме ў сябе дома італьянскі "Ювентус" з Турына, а іспанская "Севілья" згуляе на сваім полі з нямецкай "Барусіяй" з Дортмунда.

Астатнія сустрэчы адбудуцца на наступным тыдні:

23 лютага

"Атлетыка "(Мадрыд, Іспанія) - "Чэлсі" (Лондан, Англія), "Лацыа" (Рым, Італія) - "Баварыя" (Мюнхен, Германія).

24 лютага

"Аталанта" (Бергама, Італія) - "Рэал" (Мадрыд, Іспанія), "Барусія" (Менхенгладбах, Германія) - "Манчэстэр Сіці" (Англія).

Матчы ў адказ за выхад у чвэрцьфінал адбудуцца 9-17 сакавіка.

Пасля групавога этапу бамбардзірскую гонку Лігі чэмпіёнаў узначальваюць Альвара Марата ("Ювентус"), Неймар ("Пары Сен-Жэрмен") і Эрлінг Холан ("Барусія", Дортмунд), якія забілі па 6 мячоў. Столькі ж на рахунку Маркуса Рэшфарда, але яго "Манчэстэр Сіці" не змог прабіцца ў плэй-оф галоўнага кантынентальнага туніру і прадоўжыць выступленне ў 1/16 Лігі Еўропы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі