
5 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Паўднёвакарэйскі баксёр Пак Сі Хун хоча перадаць залаты медаль Алімпійскіх гульняў 1988 года амерыканцу Рою Джонсу-малодшаму. Аб гэтым знакаміты атлет з ЗША заявіў журналістам, паведамляе ТАСС.
Рой Джонс-малодшы прайграў Пак Сі Хуну ў фінале гульняў у Сеуле. Пазней неаднаразова сцвярджалася, што суддзі незаслужана аддалі перамогу паўднёвакарэйскаму спартсмену. Сам Пак Сі Хун таксама адзначаў, што яго сапернік больш заслужыў перамогу.
"Гэты чалавек сам прыняў рашэнне і хоча, каб перамагла справядлівасць. Гасподзь усё робіць, як наканавана. Справядлівасць пераможа", - сказаў Рой Джонс.
"Мы адзін раз з ім размаўлялі па тэлефоне. Я спытаў, ці лічыць ён, што заслужыў перамогу. Ён сказаў, што не", - дадаў легендарны амерыканскі баксёр.
Адзначаецца, што пры гэтым вынік фіналу Алімпійскіх гульняў не будзе перагледжаны. Такое рашэнне можа прыняць толькі Міжнародны алімпійскі камітэт.
Раней паведамлялася, што былы абсалютны чэмпіён свету ў паўцяжкай вагавой катэгорыі стаў тварам AIBA.-0-