
22 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты "Дынама-Шынніка" дома абыгралі ХК "СКА-Варагі" з Ленінградскай вобласці ў чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату МХЛ, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Гэты матч стаў першым дамашнім для беларускай каманды ў новым сезоне Маладзёжнай хакейнай лігі. Паядынак адбыўся на "Алімпік-Арэне" ў Мінску, паколькі пляцоўка "Бабруйск-Арэны" цяпер прыводзіцца ў адпаведнасць з патрабаваннямі МХЛ. Першы перыяд сустрэчы абышоўся без закінутых шайбаў, затое ў наступнай трэці гледачы ўбачылі адразу сем узяццяў варот. Па ходзе адрэзка "шыннікі" вялі з лікам 2:0 і 4:1, аднак збавілі абароты ў канцоўцы, даўшы магчымасць саперніку наблізіцца - 4:3. У фінальнай 20-мінутцы "варагам" усё ж такі ўдалося зраўнаваць лічбы, але да авертайма справа не дайшла, гол Канстанціна Валочкі прынёс "Дынама-Шынніку" перамогу - 5:4. Па дублі ў складзе бабруйчан аформілі Іван Аношка і Дзмітрый Тукач.
Такім чынам, пасля пяці матчаў сезона ў актыве беларускай каманды дзве вікторыі і чатыры ачкі. У чацвер "Дынама-Шыннік" і "СКА-Варагі" згуляюць паміж сабой яшчэ раз, сустрэча зноў пройдзе на "Алімпік-Арэне" і пачнецца ў 19.00. Дамашняя серыя "баброў" прадоўжыцца дзвюма гульнямі супраць ХК "СКА-ДВАР Карэлія" 25 і 26 верасня.-0-