ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Нядзеля, 26 чэрвеня 2022
Мінск Ясна +19°C
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
20 студзеня 2022, 11:05

Арына Сабаленка выйшла ў трэці раўнд адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе

Арына Сабаленка. Фота Getty Images
Арына Сабаленка. Фота Getty Images

20 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка прабілася ў 1/16 фіналу Australian Open, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У паядынку 1/32 фіналу жаночага адзіночнага разраду другая ракетка планеты перамагла кітайскую тэнісістку Ван Сіньюй (100-ы нумар сусветнага рэйтынгу) - 1:6, 6:4, 6:2. Сустрэча прадаўжалася 1 гадзіну 55 мінут. Наступнай саперніцай беларускі будзе чэшка Маркета Вандроўшава (41). У першым раўндзе Арына Сабаленка перамагла аўстралійку Сторм Сандэрс (128) - 5:7, 6:3, 6:2.

Заўтра двухразовая пераможца Australian Open беларуска Вікторыя Азаранка (25) у матчы за выхад у 1/8 фіналу сустрэнецца з украінкай Элінай Світолінай (17). У першым крузе беларуска перамагла венгерку Панну Удвардзі (98) - 6:3, 6:1, а ў 1/32 фіналу была мацнейшай за швейцарскую тэнісістку Джыл Белен Тайхман (34) - 6:1, 6:2. Вікторыя Азаранка выйгравала аўстралійскае першынство двойчы запар - у 2012 і 2013 гадах.

У 1/32 фіналу жаночага парнага разраду беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч і расіянка Ганна Блінкова згуляюць з бельгійска-расійскім тандэмам Элізэ Мертэнс / Вераніка Кудзярметава. Учора беларуска Лідзія Марозава і амерыканка Кейтлін Крысціян прайгралі ў дзвюх партыях харвацка-амерыканскаму дуэту Петра Марціч / Шэлбі Роджэрс - 1:6, 6:7 (4:7).

Беларус Андрэй Васілеўскі і брытанскі тэнісіст Джоні О'Мара ў першым матчы спаборніцтваў мужчынскіх пар сустрэнуцца з аўстралійска-амерыканскім дуэтам Макензі Макдональд / Джон Мілман.

Першы ў сезоне турнір серыі "Вялікага шлема" завершыцца на адкрытых кортах "Мельбурн-Парка" 30 студзеня. Яго агульны прызавы фонд складзе $53,9 млн, пераможцы ў мужчынскім і жаночым адзіночных разрадах атрымаюць па $3,1 млн. У мінулым годзе пераможцам аўстралійскага чэмпіянату ў мужчын дзявяты раз стаў серб Новак Джокавіч. На гэты раз яму не ўдасца абараніць свой тытул - улады Аўстраліі прынялі рашэнне аб дэпартацыі першай ракеткі планеты за парушэнне правіл уезду. Год таму ў жанчын свой другі тытул на Australian Open заваявала японская тэнісістка Наомі Осака.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі