Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
10 лістапада 2022, 10:47

Амаль 80 спартсменаў паспрачаюцца за перамогу на чэмпіянаце Беларусі па скачках на батуце ў Віцебску

10 лістапада, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Чэмпіянат Беларусі па скачках на батуце збярэ ў Віцебску амаль 80 мацнейшых спартсменаў краіны. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў галоўны суддзя турніру Вячаслаў Модэль.

Чэмпіянат пройдзе 10 і 11 лістапада ў віцебскім Цэнтры па скачках на батуце. На спаборніцтвах разыграюць па два камплекты медалёў у індывідуальных, сінхронных і камандных скачках. "Удзел у спаборніцтвах прымуць 78 спартсменаў ва ўзросце ад 13 гадоў і старэйшым з пяці абласцей краіны і Мінска, якія выступаюць па праграме майстроў спорту. У першы дзень чэмпіянату запланавана папярэдняя праграма: індывідуальныя, сінхронныя скачкі. У другі дзень спачатку пройдуць паўфіналы, куды трапяць 12 лепшых спартсменаў. Па выніках паўфіналаў шасцёра лепшых адбяруцца ў фінал, дзе і будуць разыграны медалі. У сінхронных скачках восем сінхронных пар у мужчын і жанчын трапляюць у фінал", - расказаў галоўны суддзя чэмпіянату.

Паводле яго слоў, за перамогу будуць змагацца мацнейшыя спартсмены краіны. "Яўнымі фаварытамі будуць алімпійскі чэмпіён Іван Літвіновіч, шматразовы чэмпіён свету і Еўропы Алег Рабцаў, Андрэй Буйлоў, Віялета Бардзілоўская, Кацярына Яршова і Вікторыя Куйдан, - дадаў Вячаслаў Модэль. - Віцебскі рэгіён самы моцны ў скачках на батуце ў краіне на працягу ўжо мінімум 30 гадоў. Думаю, віцебскую школу можна назваць і мацнейшай у свеце. У 2016 і 2020 гадах у нас алімпійскія чэмпіёны з Віцебска, у 2019-м нашы хлопцы сталі чэмпіёнамі свету - трое з чацвярых з Віцебска. І на чэмпіянаце свету па скачках на батуце ў 2021 годзе, на якім таксама мы ўзялі золата, трое з чацвярых таксама прадстаўнікі Віцебска".

Галоўны суддзя падкрэсліў, што для юных спартсменаў ва ўзросце 13-15 гадоў выступленне побач з алімпійскімі чэмпіёнамі і чэмпіёнамі свету стане каласальным вопытам і самымі буйнымі спаборніцтвамі. Амаль 15 чалавек паўдзельнічаюць у чэмпіянаце Беларусі па скачках на батуце ўпершыню.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі