Сцяг Субота, 20 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
10 ліпеня 2024, 16:58

Амаль 100 удзельнікаў змагаюцца за перамогу на абласных спаборніцтвах па футболе "Скураны мяч" у Магілёве

Фота з архіва
Фота з архіва
10 ліпеня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Амаль 100 удзельнікаў змагаюцца за перамогу на абласных спаборніцтвах па футболе "Скураны мяч" у Магілёве. Спаборніцтвы на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба ўвайшлі ў праграму спартакіяды сярод дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў арганізатараў, "Скураны мяч" за гады правядзення стаў сапраўдным футбольным святам для ўсіх удзельнікаў: акрамя прыгожай гульні і незабыўных уражанняў, юнакі набываюць бясцэнны вопыт і атрымліваюць заслужаныя ўзнагароды. У гэтых спаборніцтвах заяўлены шэсць каманд з Бабруйска, Глуска, Магілёва, Мсціслава, Хоцімска і Чавусаў. У іх склад увайшлі хлопчыкі 2010-2011 гадоў нараджэння. Суддзям трэба будзе вызначыць тройку пераможцаў, а таксама назваць лепшых ігракоў у пяці намінацыях: варатар, абаронца, паўабаронца, нападаючы, бамбардзір. Юнакі ў тым ліку будуць узнагароджаны спецыяльнымі прызамі ад Беларускай федэрацыі футбола.

"Футбол - гэта не толькі спорт, але і выдатная магчымасць развіваць камандны дух, стратэгічнае мысленне і дысцыпліну, - падкрэсліла загадчыца аддзела праграмнай і арганізацыйна-кадравай работы Магілёўскага абласнога камітэта БРСМ Настасся Краўцова. - Удзел у спаборніцтвах дапамагае юным спартсменам навучыцца працаваць у камандзе, паважаць саперніка і выконваць правілы. Гэтыя навыкі спатрэбяцца ім не толькі на полі, але і ў жыцці. Праз спорт мы імкнёмся выхоўваць у маладзёжным асяроддзі патрыятызм і любоў да сваёй краіны, прадаставіць добрую альтэрнатыву правядзення вольнага часу замест гаджэтаў. Акрамя таго, у час футбольных спаборніцтваў выяўляюцца таленавітыя спартсмены, якія ў далейшым прадстаўляюць Магілёўскую вобласць і Беларусь на больш высокім спартыўным узроўні".

13-гадовы Багдан Пабега з Магілёва сёння настроены на перамогу, за пяць гадоў заняткаў футбол для яго стаў больш, чым хобі. "Пачаў захапляцца гэтым відам спорту следам за бацькам: ён сам не гуляў, але пастаянна глядзеў футбольныя матчы па тэлевізары, - дзеліцца хлопец. - Балею за "Рэал Мадрыд", любімы ігрок - Раналду, бяру прыклад з яго. У будучым, пакуль не вызначыўся, буду прафесійным іграком або звяжу сваю прафесію з работай у МНС, але ў любым выпадку фізічная падрыхтоўка, спрытнасць і хуткасць мне заўсёды спатрэбяцца. У камандзе я ўніверсальны ігрок, але часцей за ўсё іграю ў паўабароне і нападзенні. Каб паказваць добрыя рэзультаты, у першую чаргу патрэбны камандны дух, узаемаразуменне паміж таварышамі (калі гэтага не будзе, гульня проста не складзецца), а тэхніка - гэта ўжо другаснае".

Васьмікласнік Цімур Лапудзенка прыехаў са сваёй камандай з Мсціслава. "Футболам займаюся гадоў пяць - у асноўным гуляю ў двары, у школе, - адзначае ўдзельнік спаборніцтваў. - Мне падабаецца, што гэта камандны від спорту, заўсёды можна пагуляць з сябрамі. Летам, у час канікулаў мы практычна ўсе дні ганяем мяч на вуліцы. Я гуляю ў паўабароне, на гэтай пазіцыі галоўнае - вядзенне і кантроль мяча, далёкія пасы. Пабываць на такіх спаборніцтвах - вялікі поспех, бо на футбольным полі можна сустрэцца з ігракамі з іншых гарадоў, выпрабаваць свае сілы. Вядома ж, мы прыехалі з камандай менавіта за прызавым месцам і будзем вельмі старацца для дасягнення гэтай мэты".

Спаборніцтвы ў Магілёве не прапусціла і каманда аднаго з самых аддаленых раённых цэнтраў рэгіёна. Разам са сваімі падапечнымі трэнер ФСК "Глуск" Юрый Дыба пераадолеў каля 180 км, каб пазмагацца за галоўны прыз "Скуранога мяча". "Падрыхтоўка ў хлопцаў добрая, каманда моцная, - адзначае ён. - Гэтыя дзеці ўжо тройчы былі на рэспубліканскіх спаборніцтвах, аднак у тройку лідараў выбіцца пакуль не атрымалася - думаю, усё ў іх наперадзе. Спартыўнай школы ў нас у гарадскім пасёлку няма, таму дзеці трэніруюцца на аматарскім узроўні. Тым не менш, такія спаборніцтвы для іх - цудоўны шанц заняць дастойнае месца на вобласці, трапіць на рэспубліку. Так сказаць, паездзіць па Беларусі - і сябе паказаць, і на іншых паглядзець. З большасцю каманд-саперніц ужо гулялі, ведаем іх слабыя бакі, таму павінны перамагчы. Асноўныя сапернікі для нас на гэты раз - Бабруйск і Магілёў.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі