Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
22 кастрычніка 2019, 17:41

Аляксандр Гуштын і Ксенія Станкевіч заваявалі серабро і бронзу Сусветных ваенных гульняў у Кітаі

22 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі барэц вольнага стылю Аляксандр Гуштын выйграў серабро на VII Сусветных ваенных гульнях у Кітаі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Беларус пачаў турнір з датэрміновай перамогі над швейцарцам Самуэлем Шэрэрам (13:1), затым ён перамог турка Фаціха Яшарлі (5:2). У паўфінале Аляксандр Гуштын не пакінуў шанцаў кітайскаму атлету Бахеціяну Увацібеку (11:0). На жаль, у вырашальным паядынку пры роўным ліку 2:2 іранец Махамад Хусэйн Махамадзян перамог ураджэнца Гродзеншчыны па дадатковых паказчыках. Бронзавыя медалі ў вазе 97 кг выйгралі расіянін Уладзіслаў Байцаеў і турак Фаціх Яшарлі.

У стартах па жаночай барацьбе бронзавую ўзнагароду выйграла Ксенія Станкевіч (50 кг). Спартсменка з Магілёва не змагла перамагчы на старце амерыканку Уітні Кондэр (2:9). Аднак саперніца прайшла ў фінал, і беларуска, атрымаўшы права на суцяшальныя паядынкі, скарысталася магчымасцю трапіць на п'едэстал. Пад яе напорам не выстаяла егіпцянка Нада Ашура (8:0). Другая бронза на рахунку Кім Су Чжон з КНДР. Серабро ва Уітні Кондэр, а чэмпіёнкай стала кітаянка Лі Янян.

На VII Сусветных ваенных гульнях у Кітаі, якія праходзяць з 18 па 27 кастрычніка, змагаюцца больш за 9,3 тыс. спартсменаў-ваеннаслужачых са 109 краін у 27 відах спорту.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі