
6 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адзін з лепшых тэнісістаў у гісторыі суверэннай Беларусі алімпійскі чэмпіён Максім Мірны сёння святкуе 45-годдзе. З гэтай датай яго павіншаваў прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАК.
Максім Мірны з'яўляецца выхаванцам тэніснай СДЮШАР Мінскага аўтазавода, у якой пачаў займацца ў 1983 годзе. У пачатку 1990-х ён трапіў у знакамітую тэнісную акадэмію Ніка Балецьеры ў ЗША. У складзе нацыянальнай зборнай Беларусі ў Кубку Дэвіса Мірны дэбютаваў у 1994 годзе, у 16-гадовым узросце. На працягу 25 гадоў ён быў сапраўдным лідарам беларускай каманды і стаў рэкардсменам нацыянальнай дружыны, правёўшы за яе 96 матчаў.
Кіраўнік НАК адзначыў, што самай паспяховай для Максіма Мірнага стала летняя Алімпіяда ў Лондане-2012, на якой ён разам з Вікторыяй Азаранка заваяваў залаты медаль у спаборніцтвах змешаных пар. Усяго ў багатым паслужным спісе Максіма Мірнага 52 чэмпіёнскія тытулы ў парным разрадзе на турнірах па эгідай АТР, у ліку якіх 6 - на турнірах серыі Вялікага шлема.
Віктар Лукашэнка пажадаў Максіму Мірнаму моцнага здароўя, дабрабыту і ўсяго найлепшага.-0-