Віялета Бардзілоўская
2 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская батутыстка Віялета Бардзілоўская стала сярэбраным прызёрам XXXIII летніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Удзел у жаночых спаборніцтвах па скачках на батуце прынялі 16 дзяўчат. У кваліфікацыі на "Акор Арэне" наша Віялета Бардзілоўская набрала 56,340 бала і прайшла ў фінал з другой пазіцыі, прапусціўшы наперад толькі пераможцу Гульняў у Токіа Чжу Сюін з Кітая. У фінале магіляўчанка, якая выступала першай, за сваё выкананне атрымала ад суддзяў 56,060 ачка - гэты рэзультат змагла пераўзысці толькі брытанка Браяні Пэйдж (56,480), якая дабавіла да тытула дзеючай чэмпіёнкі свету званне алімпійскай чэмпіёнкі. У Бардзілоўскай серабро, тройку прызёраў замкнула канадка Софіян Мето (55,650).
Другое месца на Алімпійскіх гульняў стала для 19-гадовай беларускі лепшым вынікам у дарослай кар'еры на міжнароднай арэне. Да гэтага галоўным індывідуальным дасягненнем Віялеты было сёмае месца на этапе Кубка свету ў Баку ў 2022 годзе. У гэтым сезоне беларуска выступіла на двух этапах сусветнага Кубка, заняўшы 10-ю пазіцыю на турніры ў Азербайджане і 12-ы радок на спаборніцтвах у Германіі.
Таксама сёння прызёраў парыжскіх Гульняў у скачках на батуце вызначаць мужчыны, абараняць званне алімпійскага чэмпіёна будзе наш Іван Літвіновіч. Кваліфікацыя стартуе ў сем гадзін вечара па мінскім часе, пачатак фіналу - у 20.50.-0-
Фота Максіма Гучака, Дзяніса Касцючэнкі