Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
02 лютага 2024, 15:13

Адкрыты кубак Беларусі па лёгкай атлетыцы ў памяшканні збярэ ў Магілёве больш як 250 удзельнікаў

Фота з архіва
Фота з архіва
2 лютага, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Адкрыты кубак Беларусі па лёгкай атлетыцы ў памяшканні пройдзе 3 лютага ў магілёўскім спарткомплексе "Алімпіец". Спаборніцтвы збяруць на адной пляцоўцы больш як 250 удзельнікаў, расказала карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вікторыя Мінчукова.

За ўзнагароды і прызавыя месцы пазмагаюцца лепшыя лёгкаатлеты краіны - як жанчыны, так і мужчыны. Практычна ўсе з іх - лідары нацыянальнай каманды. Яны выступяць у некалькіх відах праграмы: забегі (60 м, 200 м, 400 м, 800 м, 1,5 тыс. м, 3000 м, а таксама 60 м з бар’ерамі і 3000 м з перашкодамі), эстафета 4х400 м, трайны скачок, скачкі ў даўжыню, вышыню і з шастом, штурханне ядра. Па выніках будуць вызначаны шэсць лепшых спартсменаў турніру, якія зафіксавалі найбольш высокія рэзультаты па табліцы ачкоў World Athletics. Менавіта яны стануць уладальнікамі памятных узнагарод і грашовых прызоў.

"Кубак стане своеасаблівай кантрольнай праверкай перад галоўным стартам зімовага сезона, паколькі ўсяго праз два тыдні адбудзецца чэмпіянат Беларусі па лёгкай атлетыцы, - падкрэсліла Вікторыя Мінчукова. - Спаборніцтвы пакажуць, у якой форме знаходзіцца той ці іншы спартсмен. Аднак вядома, што некаторыя ўдзельнікі паказалі ўжо ў гэтым сезоне рэзультаты сусветнага ўзроўню. У іх ліку Эльвіра Грабарэнка, якая выступіць у бегу на 60 м з бар’ерамі. Многія заяўленыя ў кубку спартсмены таксама абнавілі ў гэтым сезоне асабістыя рэкорды. Так, у бегу на 60 м сыдуцца Яніна Луцэнка і Лізавета Трацяк. У сектар для штурхання ядра выйдзе Алег Тамашэвіч, які гэтай зімой двойчы адпраўляў снарад за адзнаку 21 м, і гэта вельмі добры рэзультат".

Паводле слоў Вікторыі Мінчуковай, лёгкая атлетыка - адзін з самых відовішчных відаў спорту. Па-першае, на спаборніцтвы прыемна глядзець нават з эстэтычнага пункту гледжання - усе спартсмены падцягнутыя і атлетычна складзеныя, па-другое, гэта самы медальны спорт у плане разнастайнасці відаў. "Калі спартсмен-мужчына бярэ ў скачках у вышыню планку больш за два метры - намнога вышэй за сваю галаву - такія магчымасці чалавечага цела ўразяць любога, - дзеліцца прэс-сакратар. - Тым больш там, дзе ёсць спартыўнае процістаянне, заўсёды прысутнічаюць яркія эмоцыі. Таму запрашаем паглядзець на спаборніцтвы ўсіх жадаючых, паколькі падтрымка гледачоў важная для кожнага спартсмена. Часта сваёй прысутнасцю, апладысментамі і суперажываннем балельшчыкі матывуюць удзельнікаў і дапамагаюць ім дабівацца больш высокіх рэзультатаў".

Лёгкая атлетыка на сёння - самы даступны від спорту: каб займацца, не патрэбна сур’ёзная экіпіроўка або дарагія касцюмы. Разам з тым хочацца, каб яна атрымлівала больш шырокае развіццё, і такія спаборніцтвы ў тым ліку папулярызуюць гэты від спорту сярод дзяцей і моладзі. "Магчыма, пасля секцыі лёгкай атлетыкі дзіця не стане прафесійным спартсменам і не захоча будаваць кар’еру ў вялікім спорце, але яно, безумоўна, умацуе сваё цела і здароўе, атрымае добрую фігуру, стане больш сабраным і дысцыплінаваным, навучыцца планаваць і цаніць час. Такія патрэбныя ў наш час навыкі і якасці будуць карысныя не толькі ў звычайным жыцці, але і ў прафесійнай сферы, нават не звязанай са спортам", - рэзюмавала Вікторыя Мінчукова.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі