Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
05 мая 2021, 16:27

Знойдзены ў ізраільскай пустыні ордэн вярнуўся сям'і ветэрана ў Беларусі

5 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Знойдзены ў ізраільскай пустыні ордэн вярнуўся сям'і ветэрана ў Беларусі. Аб гэтым БЕЛТА расказалі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі.

Раней паведамлялася аб знойдзенай у Ізраілі ўзнагародзе беларускага ветэрана. Ордэн Айчыннай вайны II ступені быў адшуканы выхадцам з Беларусі Анатолем Кавалерчыкам у пустыні Негеў падчас армейскіх вучэнняў.

Пры садзейнічанні пошукавых атрадаў з Эстоніі і Літвы знайшоўшаму ўдалося ўстанавіць, што кавалер ордэна - ураджэнец вёскі Каменічы Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці Іван Аляшкевіч. У 1940 годзе ва ўзросце 18 гадоў ён быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Вярнуўшыся з акружэння дадому, ён прадоўжыў барацьбу ў партызанскіх атрадах, быў удзельнікам рэйкавай вайны. Пасля вайны жыў і працаваў на радзіме, дзе памёр у 1995 годзе.

Пазней у Беларусі ўдалося адшукаць дачку ветэрана, якая жыве ў Салігорску. "Напярэдадні Дня Перамогі юбілейны ордэн, абышоўшы паўсвету, вярнуўся да сваіх законных уладальнікаў. Намеснік міністра замежных спраў Мікалай Барысевіч разам са старшынёй Салігорскага раённага выканаўчага камітэта Андрэем Жайловічам перадалі дачцэ ветэрана гэту сямейную рэліквію", - расказалі ў МЗС.

У цёплай атмасферы ў Салігорскім райвыканкаме ўспомнілі жыццёвы шлях ветэрана, яго ваенныя заслугі, а таксама мірную стваральную працу ў пасляваенныя гады.

Што датычыцца таго, як менавіта ордэн трапіў у Ізраіль, у МЗС адзначылі, што дакладны адказ на гэта пытанне знайсці будзе складана, але галоўнае адно: дзякуючы чалавечаму стаўленню неабыякавых людзей ордэн зойме пачэснае месца ў пантэоне сямейнай памяці нашчадкаў Івана Аляшкевіча.-0-

Фота МЗС
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі