Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 студзеня 2017, 15:23

Змененыя правілы прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Беларусі з'явіліся ў адкрытым доступе

12 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Змененыя правілы прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Беларусі з'явіліся ў адкрытым доступе. Адпаведны ўказ нумар 4 ад 9 студзеня 2017 года афіцыйна апублікаваны сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

У ліку асноўных новаўвядзенняў - магчымасць здачы цэнтралізаванага тэсціравання па чатырох вучэбных прадметах. "Абітурыенты, якія паступаюць для атрымання вышэйшай адукацыі, маюць права дадаткова здаць адзін (на выбар абітурыента) уступны іспыт у форме ЦТ", - гаворыцца ў гэтай частцы ва ўказе. Пры гэтым абавязковых уступных іспытаў, як і раней, тры, у тым ліку па беларускай або рускай мове.

Указам прадугледжана арганізацыя да трох рэзервовых дзён. "У рэзервовыя дні ЦТ праходзяць абітурыенты, якія па ўважлівых прычынах (захворванне або іншыя незалежныя ад яго абставіны, пацверджаныя дакументальна) не змаглі прайсці ЦТ у асноўныя дні", - тлумачыцца ва ўказе. Рашэнне аб уважлівасці прычыны і допуску або нядопуску да ЦТ прымаюць установы адукацыі, якія вызначаны Міністэрствам адукацыі пунктамі рэгістрацыі для праходжання тэсціравання ў рэзервовыя дні.

Ва ўказе пералічаны дакументы, якія абітурыент павінен падаваць у прыёмную камісію ВНУ. У іх ліку арыгіналы сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання, праведзенага ў Беларусі ў год прыёму або ў год, што яму папярэднічаў. Такім чынам тэрмін дзеяння сертыфікатаў ЦТ прадаўжаецца да двух гадоў.

Як паведамлялася, у адпаведнасці з дакументам уводзяцца льготы для профільных класаў педагагічнага напрамку пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці: залічэнне на дзённую бюджэтную форму атрымання вышэйшай педадукацыі выпускнікоў такіх класаў па выніках гутаркі, пры гэтым тэрмін далейшай абавязковай работы па размеркаванні складзе не менш як пяць гадоў.

Акрамя таго, створаны аднолькавыя ўмовы конкурсу пры паступленні на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці ва ўсе ўстановы вышэйшай адукацыі. Для паступаючых у скарочаны тэрмін ва ўстановы вышэйшай адукацыі ўсіх профіляў прадугледжана два ўступныя іспыты па дысцыплінах вучэбнага плана сярэдняй спецыяльнай адукацыі, што вызначаюцца прыёмнай камісіяй ВНУ.

Акрамя таго, удакладнены асобныя працэдурныя і тэхнічныя пытанні прыёмнай кампаніі. Змяненні і дапаўненні ў правілы прыёму захоўваюць існуючую сістэму прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, забяспечваюць захаванне разумнага балансу інтарэсаў дзяржаўных органаў - заказчыкаў кадраў, устаноў адукацыі, абітурыентаў і іх бацькоў, а таксама накіраваны на павышэнне канкурэнтаздольнасці ўстаноў прафесійнай адукацыі рэспублікі і якасці адбору найбольш падрыхтаваных абітурыентаў.

Дакумент уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі