22 чэрвеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Удзельнікі "Поезда Памяці" падзяліліся сваімі ўражаннямі пра мітынг-рэквіем "Памяці загінулых будзьце дастойныя!", прысвечаны Дню ўсенароднай памяці ахвяр ВАВ і генацыду беларускага народа, які прайшоў у мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой", а таксама пра ваенна-гістарычную рэканструкцыю "22 чэрвеня. Брэсцкая крэпасць", якая адбылася на Кобрынскім умацаванні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Эмілія Лінкун з Баранавіч ужо не адзін раз была ў Брэсцкай крэпасці, але не пашкадавала, што апынулася тут яшчэ раз. "Гэта месца, дзе захоўваецца гісторыя і боль нашых продкаў, якія пралілі сваю кроў за наша мірнае неба над галавой. Мы, маладое пакаленне, маем магчымасць вучыцца, атрымліваць прафесію і радавацца жыццю, таму вельмі важна захоўваць памяць аб нашых продках", - сказала Эмілія Лінкун.
"У праекце мне прапанаваў паўдзельнічаць педагог-арганізатар з маёй школы. Прайшло тры адборачныя этапы: гарадскі, абласны і рэспубліканскі. Было складана і прысутнічала хваляванне, але я ні разу не пашкадавала, што вырашыла прыняць удзел", - дадала Эмілія Лінкун.
У час мітынгу-рэквіема было задзейнічана каля 1 тыс. чалавек, у тым ліку дарослых і юных артыстаў, ваенна-гістарычных рэканструктараў і ваеннаслужачых. А для надання рэалістычнасці ў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі выкарыстоўвалі піратэхніку, танк, матацыклы, бронемашыну, грузавік. Таксама Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" перадала рарытэтную зброю - каля 200 адзінак вінтовак Мосіна і карабінаў.
Паводле слоў Станіслава Якоўчыка з горада Дзятлава Гродзенскай вобласці, тэатралізаваны паказ захапіў яго з першай хвіліны. Ідэальна падабраныя касцюмы і машыны дапамаглі стварыць прыдатную атмасферу і акунуць у мінулае. "Я даведаўся аб праекце ад сваёй сяброўкі. Яна ўдзельнічала ў "Поездзе Памяці" ў мінулым годзе і прыехала з такімі яркімі ўражаннямі, што натхніла мяне на такую паездку", - дадаў Станіслаў Якоўчык.
Акрамя таго, 21 чэрвеня дзеці наведалі саму Брэсцкую крэпасць і ўнікальны музей на колах - "Поезд Перамогі". Настасся Папова адзначыла, што ў яе засталіся яркія ўражанні ад гэтых месцаў. "Поезд Памяці" дае магчымасць зразумець і ўбачыць тое, дзе і як нашы продкі заваявалі мір ва ўсім свеце, дзякуючы якому мы можам пазнаваць цудоўнае жыццё. Я сама даведалася пра гэты праект, а мама стала маім настаўнікам і заматывавала мяне ўдзельнічаць у ім. Дзякуючы ваенна-гістарычнай рэканструкцыі ў Брэсцкай крэпасці я змагла зразумець, што нашы продкі адчувалі ў момант раптоўнага наступлення і нібыта перажыла той трагічны момант пачатку кровапралітнай, страшнай вайны", - рэзюмавала Настасся Папова.-0-