Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 кастрычніка 2018, 15:27

Змагацца з тэрарызмам у лічбавую эпоху прапануецца з дапамогай штучнага інтэлекту

10 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На міжнароднай канферэнцыі "Прадухіленне і барацьба з тэрарызмам у лічбавую эпоху", якая праходзіць 9-10 кастрычніка ў Мінску, абмяркоўвалася выкарыстанне магчымасцей штучнага інтэлекту ў гэтай сферы. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка на палях мерапрыемства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Ёсць патэнцыял у рабоце са штучным інтэлектам, які таксама можа выкарыстоўвацца ў контртэрарызме", - сказаў Алег Краўчанка. Паводле яго слоў, гэта пытанне сярод іншых абмяркоўвалася на канферэнцыі.

Беларускія спецыялісты, выступаючы на мерапрыемстве, прапанавалі сканцэнтраваць намаганні на супрацоўніцтве ў інфармацыйна-камунікацыйнай сферы. На іх думку, у барацьбе з тэрарызмам неабходна выкарыстоўваць перавагі інтэрнэту.

Удзельнікі канферэнцыі сышліся на думцы, што процістаяць тэрарызму, у тым ліку ў інфармацыйнай прасторы, можна толькі пры інтэнсіфікацыі міжнароднага супрацоўніцтва. "Усе згаджаюцца, нягледзячы на некаторыя рознагалоссі, што трэба выконваць міжнародныя канвенцыі, развіваць міжнародную прававую базу, каб эфектыўна процістаяць гэтаму адносна новаму вымярэнню тэрарызму", - канстатаваў ён.

Алег Краўчанка таксама адзначыў, што краіны не могуць эфектыўна змагацца з тэрарызмам без паўнацэннага супрацоўніцтва з прыватнымі кампаніямі і грамадзянскай супольнасцю. "Гэта павінны быць агульныя намаганні, накіраваныя на тое, каб процістаяць спробам вярбоўкі, радыкалізацыі, распаўсюджвання гэтых шкодных ідэй", - перакананы Алег Краўчанка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі