Сцяг Аўторак, 8 ліпеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
05 ліпеня 2025, 10:00

"Злачынцы павінны быць пакараны". Сведка па справе катавання ў Хатыні - пра вайну, подзвіг і падзеі, якія немагчыма забыць

Як сапраўдны палкоўнік Васіль Пятровіч Даўжонак сустракае нас пры поўным парадзе. Мундзір - увесь у ордэнах ды медалях. "100 узнагарод", - заўважае з гонарам наш герой. Васіль Пятровіч пэўна з ліку тых, пра каго гавораць: "Цвікі рабіць бы з гэтых людзей, мацнейшых у свеце не было б цвікоў!" Цяжкасці і жахі, што выпалі на долю яго пакалення і яго самога, зрабілі іх толькі мацнейшымі. Мы пабывалі ў гасцях у ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, папрасілі яго ўспомніць сваіх баявых таварышаў, родных і землякоў, загінулых ад рук фашыстаў, пагарталі яго кнігі.

"Цяпер у жывых адзін я"


Калі гітлераўская Германія напала на Савецкі Саюз, Васіль Даўжонак толькі скончыў 7 класаў. Ён нарадзіўся ў вялікай сям'і, дзе было 11 дзяцей, у вёсцы Далькавічы Плешчаніцкага раёна Мінскай вобласці (цяпер Лагойскі раён).

З пачаткам акупацыі нямецкімі войскамі Плешчаніц ён быў членам падпольнай піянерска-камсамольскай малазёжнай групы. А з красавіка 1942-га стаў партызанам атрада "Барацьба" брыгады "Народныя мсціўцы" імя В.Т.Варанянскага.

- На восьмы дзень вайны наш раён і вёску акупіравалі немцы, - прыгадвае ветэран аб тым, як скончылася яго дзяцінства і яму разам з дарослымі давялося абараняць свой родны дом, зямлю. - Што характэрна, наш народ надзвычай успрыяў гэта. Усе, а гэта і навучэнцы школы, і мужчыны вёскі, і калгаснікі ўзняліся на барацьбу з ворагам.

Гэта была сапраўды народная вайна. Якія функцыі выконвалі дзеці? Хлопчыкі былі вушамі і вачамі партызанаў. Пра ўсё, што бачылі і чулі, - дакладвалі народным мсціўцам. А гэта каштоўныя звесткі аб размяшчэнні фашысцкіх войскаў, іх колькасці і перамяшчэннях. Яшчэ былі ў ролі радыё, даносілі землякам праўдзівую зводку з фронту. Таксама збіралі зброю, якую знаходзілі пасля баёў. І нараўне з дарослымі ўдзельнічалі ў дыверсіях і ваенных аперацыях.

- Наша брыгада і атрады пастаянна на магістральных дарогах рабілі засаду на немцаў. У іх было шмат страт, а ў нас нязначныя, - з гонарам адзначае наш герой.

Народным мсціўцам дапамагала ўсё: і кожнае дрэўца, і кусцік, і нават непраходная багна. Гэта для ворагаў яны былі страшным месцам, а для мясцовых - паратункам.

З вялікім болем прыгадвае забойства фашыстамі свайго бацькі Пятра Лявонцьевіча Даўжонка.

- Гэта было ў чэрвені 1943-га. У вёсцы нечакана з'явіліся немцы з гарнізона Плешчаніц. Сярод іх быў паліцай. Уварваліся ў хату. Тата хворы ляжаў на печы, за валасы выцягнулі яго на двор. Патрабавалі аднаго: каб ён сваіх сыноў і дачку Таццяну, якія былі ў партызанскім атрадзе, выдаў немцам. Бацька не мог гэтага зрабіць. Білі яго ў жывот, выбілі вочы, абрэзалі вушы. Толку няма. Кінулі яго і паехалі. Пасля гэтага бацька памёр. Я помню сваіх бацькоў-патрыётаў. Паставіў ім помнік. Усім сваім родным. Старэйшы брат загінуў на фронце пры абароне Масквы. Ён быў камандзірам роты. Астатнія ўсе былі задзейнічаны ў асноўным у партызанскіх атрадах. Цяпер у жывых адзін я, - гаворыць з горыччу Васіль Пятровіч.

Злачынцы павінны быць пакараны

Васіль Даўжонак, як і многія беларусы, сачыў у лютым за судовым працэсам адносна нацысцкага карніка, вядомага як кат Хатыні, Уладзіміра Катрука. Па стане здароўя Васіль Пятровіч не мог асабіста прысутнічаць на пасяджэннях Вярхоўнага Суда, але яго паказанні, якія ён даваў тройчы за сваё жыццё ў 1973, 1975 і 1987-м гадах, былі абвешчаны. Катрук восенню 1941 года добраахвотна ўступіў у арганізацыю ўкраінскіх нацыяналістаў, а затым (не пазней за студзень 1943 года) увайшоў у склад узброенай арганізаванай злачыннай групы - 118-га батальёна ахоўнай паліцыі.

Катрук прызнаны вінаватым ва ўчыненні генацыду, інакш кажучы злачынстве, прадугледжаным арт.127 КК. У дачыненні да яго вынесены абвінаваўчы прыгавор без назначэння пакарання. Як вядома, Катруку ўдалося пазбегнуць адказнасці. Ён уцёк ад правасуддзя і пражываў у Канадзе да сваёй смерці.

Зло павінна быць пакарана, упэўнены ветэран. Такі судовы працэс вельмі значны для нас: гэта і ўсталяванне гістарычнай справядлівасці, і пацвярджэнне таго, што злачынствы супраць чалавечнасці не маюць тэрміну даўнасці.

Васіль Пятровіч быў сведкам таго, як гарэла яго родная вёска Далькавічы. Да таго дня 13 мая 1943 года ў ёй налічвалася 42 дамы. Калі немцы сталі ўваходзіць у вёску, партызан Васіль Даўжонак разам з іншымі таварышамі з атрада знаходзіўся ў канцы Далькавіч. Карнікаў было амаль 200 чалавек, некаторыя ехалі на драбінах, былі і пешыя. Мясцовыя жыхары яшчэ да пачатку бою былі папярэджаны партызанамі. Бітва была няроўная: каб не трапіць у акружэнне, народныя мсціўцы адступілі. І тады Васіль Пятровіч ужо бачыў, як гараць хаты, і чулася адтуль страляніна. У другой палавіне дня разведка паведаміла, што карнікі паехалі з вёскі Далькавічы. Назаўтра пасля бою наш герой вярнуўся ў вёску, дзе застаў страшную карціну. Ад яго родных Далькавіч толькі два дамы засталіся. Пад яблыняй бачыў абгарэлы труп мясцовага жыхара, яшчэ некалькі людзей былі па-зверску закатаваны.

У першых радах на парадзе


16 ліпеня 1944 года Васіль Пятровіч быў у радах тых, хто з гонарам ішоў у страі народных мсціўцаў на партызанскім парадзе ў Мінску. Уклад партызанскага фронту ў вызваленне нашай Беларусі значны, можа, яшчэ да канца не ацэнены. Але сёння, калі ветэран успамінае той сонечны і ўрачысты ліпеньскі дзень, вочы яго пачынаюць свяціцца шчасцем. Ён, 19-гадовы блакітнавокі прыгажун, ідзе па сталіцы сваёй радзімы, свабоднай ад акупантаў, з пачуццём радасці, гонару і выкананага абавязку, у прадчуванні шчаслівага мірнага жыцця.

Як расказвае Васіль Даўжонак, месца правядзення парада было выбрана выдатнае - каля выгіну Свіслачы, у той час там знаходзіўся гарадскі іпадром (цяпер там, недалёка ад парку 40-годдзя Вялікага Кастрычніка каля ракі, устаноўлены памятны камень з таблічкай). Падзея грандыёзная і маштабная - толькі партызан больш за 30 тысяч, а яшчэ выжыўшых мінчан каля 50 тысяч сабралася ўбачыць і прывітаць сваіх родных пераможцаў.

Права адкрываць парад сярод 30 партызанскіх брыгад і 2 асобных атрадаў атрымала брыгада "Народныя мсціўцы" імя В.Т.Варанянскага. Ішлі з гонарам з узнагародамі на грудзях! Усіх перапаўнялі радасць і натхненне.

- З намі на парадзе быў казёл, - усміхаецца, успамінаючы, Васіль Пятровіч. - Ён трапіў да нас у баі каля Вілейкі на станцыі Куранец. Гэта была сенсацыя - жывёліна на парадзе.

Звалі казла Малыш. Ён быў любімцам партызанскага атрада "Барацьба". Дзіва што, лічы, баец, толькі асаблівы. Вызначаўся адвагай і трываласцю. У час працяглых пераходаў цягаў на спіне сумку з медыкаментамі, а калі ішлі баі, па-майстэрску хаваўся ад агню за дрэвамі.

У час парада ён ішоў у стужцы з фашысцкімі крыжамі. Планавалася, што Малыш схаваецца недзе ўнутры калоны партызан, але казёл сам вырашыў, дзе яму трэба ісці. Калі грымнуў аркестр і прагучала каманда "К урачыстаму маршу!", ён вырваўся і стаў побач з камандаваннем. Уяўляеце, якое захапленне выклікаў ва ўсіх прысутных! Вядома, жывёліна не магла не трапіць у аб'ектыў фота- і відэакамер і назаўсёды засталася ў гісторыі. Потым многія расказвалі, што казёл у ордэнах - гэта задумка савецкай прапаганды. А на самай справе - гарэзлівы сатырычны жарт лясных байцоў.

Тады летам 1944-га Васіль Пятровіч упершыню адсвяткаваў Перамогу. А яшчэ ў 1955 годзе ў складзе групы ад БССР у час парада прайшоў па Краснай плошчы ў Маскве.

Пасля парада партызанскія атрады расфарміравалі, частка байцоў адправілася на фронт. Васіля Даўжонка накіравалі ў полк НКУС, дзе ён радавым чырвонаармейцам праслужыў два гады.

50 гадоў аддаў ваеннай службе. Паўстагоддзя ў страі, спачатку як абаронца Радзімы ў час Вялікай Айчыннай вайны, а затым як ваенны пры ахове граніц Савецкага Саюза (Сярэдняя Азія, Далёкі Усход РСФСР).

- Трэба сказаць, што пры выкананні задач па бяспецы краіны не глядзелі са сваё здароўе, добрасумленна выконвалі воінскі абавязак, - падкрэслівае камандзірскім голасам Васіль Пятровіч.

Узяўся за пяро


Калі пайшоў у адстаўку, наш герой адкрыў у сабе яшчэ і пісьменніцкі талент. Як з усмешкай заўважае сам ветэран, узяўся за пяро. Васіль Даўжонак - аўтар шматлікіх манаграфій, нарысаў і артыкулаў па ваеннай гісторыі і навуцы. "Партызанскія сыны Беларусі", "Іх лёс - граніца", "Гісторыя Беларусі XVI - XVII стагоддзяў". Яшчэ ён член Ваенна-навуковага таварыства пры Цэнтральным Доме афіцэраў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, праводзіць вялікую работу па даследаванні гісторыі партызанскага руху ў Беларусі.

На стале перад намі дзве кнігі - "Ішлі у паход партызаны", "Вялікі палкаводзец новага часу" (пра М.І.Кутузава). Як член Савета музея-панарамы "Барадзінская бітва" праводзіў даследаванні і па вайне 1812 года.

Кніга "Ішлі у паход партызаны" - гэта даніна мужнасці савецкіх людзей (некаторых з іх асабіста ведаў Васіль Пятровіч), гэта памяць пра пакаленне, якое абараняла Радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У асобных раздзелах расказаў і пра сябе, сваю малую радзіму, аб тым, як нараджаўся партызанскі рух у Плешчаніцкім краі, аб злучэннях лясных байцоў Міншчыны. Яшчэ шмат старонак прысвечана пагранічнікам, усё ж сам служыў на граніцы. Асобнымі раздзеламі аўтар апісвае зверствы фашыстаў на Беларусі: трагічны лёс вёскі Далькавічы, Хатыні, Дальвы. Таксама ў кнізе дае інфармацыю аб увекавечанні памяці ў мемарыяльных комплексах воінаў Чырвонай Арміі, партызан і падпольшчыкаў, узведзеных у вёсках і гарадах Беларусі.

Усе кнігі Васіля Даўжонка - дакументальныя сведчанні, гэтым яны каштоўныя і могуць служыць дадаткам да школьных падручнікаў.

Жывы падручнік гісторыі


У наступным годзе Васілю Даўжонку споўніцца 100 гадоў, але ён некалькі разоў падкрэсліў, што на той свет не спяшаецца. У лютым праходзіў поўнае медабследаванне, і ўрачы абрадавалі: яго арганізм маладзейшы за свой пашпартны ўзрост на 15 гадоў. Вядома, мы жадаем Васілю Пятровічу яшчэ доўгіх гадоў і гэтак жа цікавіцца ўсім, што адбываецца вакол - у краіне, у свеце. А яшчэ, як і цяпер, смяяцца, радавацца гасцям.

Можа, сакрэт яго даўгалецця і ў тым, што ён шмат часу правёў з моладдзю. Пасля звальнення са службы ў пагранічных войсках працаваў у школе. А цяпер пражывае з унучкай і праўнукамі. Пакуль запісвалі сюжэт, у пакой, дзе праходзілі здымкі, дачка Алена ўпачатку прынесла Аляксандра, які толькі прачнуўся. Малы спакойна ўсіх нас вывучаў, пасядзеў на каленях у прадзеда. Пасля заняткаў у школе зазірнулі да нас яшчэ два цікаўныя будучыя абароны - Аляксей і Васіль. У прадзеда заўсёды цікава, часта яго наведваюць розныя людзі, можна шмат чаго пачуць і даведацца. Іх прадзед - гэта жывая гісторыя. Многія факты з яго слаўнай біяграфіі яны могуць ужо расказваць самі - столькі разоў чулі, чыталі. І заўсёды цікава. І Дзень Перамогі - для іх асаблівая дата, адзін з галоўных сямейных свят.

У Васіля Пятровіча шмат планаў на жыццё, творчасць. Няхай многае задуманае здзейсніцца!

- Мы яшчэ сустрэнемся не раз, - гаворыць нам на развітанне і дорыць па шакаладцы - генеральскай, між іншым.

Яго ўніверсітэты


Пералічэнне тых устаноў, у якіх навучаўся наш герой, можа заняць не адзін радок. Добра да Васіля Пятровіча падыходзіць прымаўка "Век жыві - век вучыся". Пасля вайны, у 1949 годзе, скончыў Харкаўскае ваенна-палітычнае вучылішча, затым у 1967-м - гістарычны факультэт Таджыкскага дзяржаўнага ўніверсітэта і ў 1972-м - Ваенна-палітычную акадэмію імя У.І.Леніна.

На парадным мундзіры Васіля Даўжонка - 100 узнагарод. Тры ордэны - Айчыннай вайны 1-й ступені, Чырвонай Зоркі, Кутузава III ступені, а таксама вялікая колькасць медалёў, сярод іх - "Партызану Айчыннай вайны" 1-й ступені, "За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы СССР", "За адвагу".

Святлана КІРСАНАВА,
фота Надзеі КАСЦЕЦКАЙ,
газета "7 дней".-0-

Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі