Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 мая 2020, 19:18

Жыллё, добраўпарадкаванне, падтрымка пажылых - з якімі пытаннямі звярталіся на прамую лінію да Качанавай

19 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава правяла сёння прамую тэлефонную лінію, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

На працягу трох гадзін на лінію паступіла больш за 30 зваротаў з розных рэгіёнаў краіны. Больш за ўсё званкоў прынята ад жыхароў Мінска і Мінскай вобласці. Наталля Качанава ўважліва выслухала кожнага, хто да яе звярнуўся, асобныя пытанні былі вырашаны адразу ж. Значная частка зваротаў датычылася сацыяльнай сферы - падтрымка шматдзетных сем'яў, выплата дапамог і пенсій, адрасная сацыяльная дапамога, працаўладкаванне і аздараўленне.

Так, жыхарка Мазыра расказала, што знаходзіцца на пенсіі, адзінокая, адзіны сын жыве асобна і заняты ўласнымі праблемамі. "Хацелася б даведацца, ці магу я разлічваць на нейкую дапамогу, падтрымку, бо адной спраўляцца з усім вельмі цяжка", - падзялілася яна. Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што ў краіне аказваюцца розныя віды падтрымкі адзінокім пажылым людзям у залежнасці ад сітуацыі, у якой яны апынуліся. Наталля Качанава тут жа звязалася са старшынёй Мазырскага райвыканкама і папрасіла дапамагчы жанчыне, якая звярнулася на прамую лінію.

Званок з просьбай аб дапамозе паступіў ад жыхара Іванаўскага раёна. У час службы ў арміі ён удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Пры налічэнні пенсіі гэта не было ўлічана, таму што частка дакументаў, якія пацвярджаюць гэты факт, была страчана. "Не магу дабіцца праўды, а гэта пытанне справядлівасці. Маёй віны ў тым, што так атрымалася, няма, і я вельмі разлічваю на вашу дапамогу", - звярнуўся мужчына. Наталля Качанава абяцала ўнікнуць у дэталі сітуацыі, якая склалася.

З Брэсцкай вобласці паступіў званок ад жанчыны, якая паскардзілася, што сельгаспрадпрыемства, на якім яна працавала, закрылася: людзі засталіся без работы, ёсць пытанні і па выплаце заработнай платы. Спікер паабяцала, што адзін з членаў Прэзідыума Савета Рэспублікі выедзе на месца і абавязкова разбярэцца ў гэтым пытанні.

Гучалі ў час прамой тэлефоннай лініі і калектыўныя звароты. Так, адзін з жыхароў Мінска ад імя дольшчыкаў незавершанага будаўніцтвам дома паскардзіўся: ужо звярталіся ў Мінгарвыканкам, каб змяніць забудоўшчыка і завяршыць будаўніцтва, аднак да справы так і не дайшло. "Мы зоймемся гэтым пытаннем і пастараемся вам дапамагчы", - паабяцала кіраўнік верхняй палаты парламента.

Многія пытанні, якія былі адрасаваны Наталлі Качанавай у час прамой тэлефоннай лініі, належаць да кампетэнцыі мясцовых улад і маглі быць вырашаны на месцах. Большасць з іх закранаюць сферы добраўпарадкавання прысядзібных участкаў, дваровых тэрыторый, рамонту дарог і іншых. Напрыклад, пенсіянерка з Чэрвеня расказала, што адзінокая і не мае магчымасці самастойна абкасіць траву на ўчастку каля дома. Яшчэ адна жанчына пажылога ўзросту з Оршы папрасіла пасадзейнічаць у навядзенні парадку на дваровай тэрыторыі. Жыхарка Мінска звярнулася з просьбай навесці парадак у рабоце кафэ, якое адкрылася на першым паверсе дома, дзе яна жыве. У час рамонту, які праводзіўся на гэтым аб'екце, была парушана вентыляцыйная сістэма дома. Акрамя таго, жыхарам перашкаджае шум, пастаянныя праблемы з прыбіраннем смецця. Па кожным з гэтых зваротаў Наталля Качанава дала даручэнні мясцовым уладам аператыўна вырашыць праблемныя пытанні і дапамагчы людзям.

На асаблівым кантролі старшыні Савета Рэспублікі звароты, якія паступілі ад шматдзетных сем'яў. Так, жыхарка Ліды, якая выхоўвае траіх дзяцей, папрасіла пасадзейнічаць у вырашэнні жыллёвага пытання: жанчына плануе выкарыстаць сямейны капітал для рэканструкцыі дома, які дастаўся ў спадчыну.

У час прамой лініі да Наталлі Качанавай таксама паступалі пытанні ў сферы маёмасных і зямельных адносін, судовых спрэчак, ЖКГ. Асобныя звароты спікер узяла на асабісты кантроль.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі