Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 лістапада 2019, 15:58

Зась расказаў, ці створаць для ўрадавай сувязі мэсэнджар і як яе тэсціравалі на ўзлом

21 лістапада, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Станіслаў Зась расказаў журналістам аб выніках праведзенай у Прэзідэнта Беларусі нарады па развіцці сістэмы ўрадавай сувязі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Любая сістэма павінна быць абаронена ад любых замахаў. Цяпер адна з задач, якая стаяла перад Аператыўна-аналітычным цэнтрам (гэта структура па даручэнні Прэзідэнта праводзіла праверку работы ў сферы закрытай сувязі. - Заўвага БЕЛТА), - выявіць хібы і паспрабаваць атрымаць доступ да гэтай сувязі. Яны не змаглі вырашыць гэту задачу", - расказаў дзяржсакратар Савета бяспекі.

Станіслаў Зась адзначыў, што праведзеная размова - гэта вынік работы, якая была праведзена ў бягучым годзе ў два этапы па вывучэнні стану спраў, вызначэнні перспектыў і выяўленні праблемных пытанняў.

Вясной была створана міжведамасная рабочая група, якая ацэньвала эфектыўнасць выканання дзяржаўнай праграмы па развіцці ўрадавай сувязі. "І размова вялася не толькі аб тым, каб ацаніць эфектыўнасць, паўнату асваення грошай, якія выдзяляюцца па гэтай дзяржпраграме, але і ў цэлым ацаніць сітуацыю з пункту гледжання таго, каб тыя ўкладанні былі ў правільным напрамку", - сказаў дзяржсакратар.

У час другога этапу, які завяршыўся не так даўно, сіламі Аператыўна-аналітычнага цэнтра правяраліся хібы ў сістэме абароненай урадавай сувязі і слабыя месцы, над якімі трэба папрацаваць.

"Сёння абмяркоўваліся вынікі. У цэлым разглядалі ўсе сегменты абароненай урадавай сувязі - як стацыянарную, так і мабільную", - расказаў Станіслаў Зась.

Ён адзначыў, што ў стацыянарнай урадавай сувязі зроблены істотныя крокі па развіцці: "Мы поўнасцю адышлі ад савецкай спадчыны. Ужо на новай тэхналагічнай базе пабудавана ўся гэта сістэма. Прычым выкарыстоўваецца выключна беларуская апаратура шыфравання, каб гарантаваць бяспеку сувязі. І на гэты час ступень лакалізацыі ўсяго асноўнага абсталявання - 80 працэнтаў. Тут асаблівых праблем не бачыцца. Трэба проста ўдасканальваць тое, што ёсць".

Другі напрамак - мабільная абароненая сувязь. "Гэта новая справа для краіны. Мы з нуля па гэтай тэме літаральна некалькі гадоў таму пачалі працаваць, ствараць сваю школу кадраў, праводзіць навуковыя і тэхналагічныя распрацоўкі", - адзначыў дзяржсакратар.

Станіслаў Зась расказаў, што цяпер праходзіць ужо завяршальны этап тэставай эксплуатацыі мабільнай сувязі. Тэлефонныя апараты, знешне падобныя на звычайныя, раздадзены службовым асобам і ўжо выкарыстоўваюцца. "Вызначаюцца слабыя месцы. Ёсць у гэтай сувязі моцныя бакі. Гэта бяспека - самае галоўнае. Ёсць і слабыя - гэта якасць сувязі. Над гэтым трэба будзе папрацаваць. Аб гэтым гаварыў кіраўнік дзяржавы, і такія задачы паставіў. У наступным годзе мы павінны закрыць гэту тэму і забяспечыць кіраўніцтва краіны якаснай абароненай мабільнай сувяззю", - заявіў ён.

Адказваючы на ўдакладняючае пытанне БЕЛТА, ці з'явіцца ва ўрадавых мабільніках нейкі аналаг папулярных мэсэнджараў, дзяржсакратар Савета бяспекі сказаў: "Гэта перспектыва".

Ён таксама адзначыў, што цяпер у краіне існуе і паспяхова працуе абароненая сістэма перадачы даных, якая дае магчымасць абменьвацца дакументамі. Станіслаў Зась таксама падкрэсліў значны экспартны патэнцыял распрацовак у сферы ўрадавай сувязі: "Ужо ёсць патэнцыяльныя пакупнікі", - сказаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі