Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
02 ліпеня 2021, 09:19

Замежныя грамадзяне змогуць вакцынавацца ад COVID-19 у больш як 80 установах аховы здароўя Беларусі

2 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Замежныя грамадзяне змогуць прайсці вакцынацыю ад COVID-19 у больш як 80 установах аховы здароўя Беларусі. Аб гэтым паведаміў журналістам намеснік міністра аховы здароўя - галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Аляксандр Тарасенка, каменціруючы падпісаны сёння ўказ нумар 251, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Згодна з указам магчымасць бязвізавага наведвання Беларусі прадастаўляецца з 15 ліпеня 2021 года грамадзянам 73 дзяржаў на тэрмін да пяці сутак для вакцынацыі ад COVID-19. Вакцынацыю замежных грамадзян плануецца праводзіць на платнай аснове. "Міністэрства аховы здароўя вызначыла пералік медыцынскіх арганізацый, дзе замежным грамадзянам будзе прадастаўлена магчымасць вакцынацыі. На сёння ў гэтым спісе 82 установы аховы здароўя. Арыенціровачная сума за ўвядзенне двух кампанентаў вакцыны складае ад Br130 да Br150", - сказаў Аляксандр Тарасенка.

Паводле яго слоў, замежныя грамадзяне змогуць прыляцець у Беларусь на самалёце, прыехаць на поездзе або аўтамабілі для вакцынацыі. "Адна з умоў - наяўнасць грамадзяніна ў электроннай чарзе. Гэта інфармацыйная сістэма. Чалавек павінен будзе запісацца. Пасля гэтага даецца двое сутак на ўнясенне ў базу Дзяржаўнага пагранічнага камітэта. Затым іншаземец можа прыязджаць на граніцу. Пры ўмове дзеючых дакументаў, адмоўнага ПЛР-тэсту і запісу ў электроннай чарзе яму будзе прадастаўлена магчымасць уезду ў Беларусь для вакцынацыі. Што датычыцца ўводу другога кампанента вакцыны, то працэдура будзе такой жа. Трэба будзе нанава рэгістравацца і прыязджаць", - адзначыў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач.

На пытанне, якія наступствы чакаюць замежных грамадзян, калі яны не прышчэпяцца ва ўстаноўлены ўказам пяцідзённы тэрмін, Аляксандр Тарасенка адказаў: "У адпаведнасці з заканадаўствам далейшае знаходжанне і магчымыя меры адміністрацыйнага і не толькі ўздзеяння будуць вызначаны Дзяржаўным пагранічным камітэтам і Міністэрствам унутраных спраў".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі