Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 ліпеня 2025, 12:41

Закрыццё пунктаў пропуску, узмоцнены кантроль. Кіраўнік ДМК аб прычынах чэргаў на граніцы

Фота з архіва
Фота з архіва
17 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір Арлоўскі ў рамках Адзінага дня інфармавання расказаў журналістам, у чым прычыны чэргаў на граніцы і што робіцца беларускай мытняй для іх мінімізацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аб прычынах чэргаў

"Сітуацыя на граніцы з чэргамі складаная. Асноўная прычына - тое, што сумежныя краіны закрылі практычна ўсе пункты пропуску для руху транспартных сродкаў. Для перамяшчэння легкавых аўтамабіляў, аўтобусаў засталося ўсяго чатыры пункты пропуску: адзін на граніцы з Польшчай, два з Літвой, адзін з Латвіяй. Зразумела, накопліваюцца транспартныя сродкі і ствараюцца чэргі. Асабліва напружаная сітуацыя ў летні перыяд, таму што да звычайных грамадзян, якія перасякаюць граніцу ў прыгранічным руху, дабаўляюцца турысты, грамадзяне былога Савецкага Саюза, якія пражываюць у краінах Еўрасаюза і прыязджаюць на радзіму", - адзначыў Уладзімір Арлоўскі.

Самыя напружаныя - выхадныя дні. Што датычыцца выезду з рэспублікі, то найбольш складаная сітуацыя назіраецца на польскім напрамку. "Чэргі дасягаюць і сутак, і двух сутак. Мы прынялі рашэнне паўгода таму, каб людзі не стаялі ў гэтых чэргах на выезд, а пасля рэгістрацыі ў электроннай чарзе маглі па сваіх пытаннях ад'ехаць і па адпаведным паведамленні прыязджаць на граніцу для перасячэння", - дадаў Уладзімір Арлоўскі.

На ўезд асноўныя чэргі ўзнікаюць на польскім і літоўскім напрамках. "Тут пытанні чэргаў звязаны як з нерытмічнай падачай сумежным бокам транспартных сродкаў, так і з узмоцненым кантролем, у тым ліку беларускай мытні. Парушэнняў у дзеючых пунтах пропуску выяўляецца шмат, за суткі больш за 100. А гэта бяспека нашых грамадзян. Таму мы таксама ажыццяўляем узмоцнены кантроль, але прымаем усе меры, каб гэты кантроль не паўплываў на моцнае павелічэнне тэрмінаў перасячэння граніцы", - адзначыў Уладзімір Арлоўскі.

Якія парушэнні выяўляюцца

У сетцы Інтэрнэт маюць месца правакацыі адносна мытных органаў. "Мы стараемся нашу работу асвятляць максімальна, каб людзі разумелі, што адбываецца, чаму адбываецца той жа ўзмоцнены кантроль", - адзначыў Уладзімір Арлоўскі.

Паводле яго слоў, толькі за апошні месяц спынена спроба ўвозу дзвюх вялікіх партый наркотыкаў. Адзін факт выяўлены ў пункце пропуску "Варшаўскі мост" два тыдні таму - выяўлена 50 кг моцнадзеючых псіхатропаў у легкавым аўтамабілі. "Вельмі складаны тайнік. Давялося разабраць практычна ўвесь аўтамабіль. Там жа маглі быць не толькі наркотыкі, але і ўзрыўчатка, зброя", - дадаў Уладзімір Арлоўскі.
 
Больш за месяц таму 100 кг наркотыкаў спрабавалі перавезці ў грузавым аўтамабілі ў пункце пропуску "Каменны Лог". У красавіку выявілі амаль 600 кг узрыўчаткі. Уладзімір Арлоўскі дадаў, што спробы парушэнняў заканадаўства, увозу забароненых тавараў рэгіструюцца пастаянна. І работа мытных службаў накіравана на забеспячэнне бяспекі нашых грамадзян. "Мы практычна ўжо з 2022 года працуем ва ўзмоцненым рэжыме, і гэта дае вынік", - сказаў старшыня ДМК.

Для таго, каб мінімізаваць час на мытны кантроль, неабходнай тэхнікай узмоцнены пункты пропуску. У прыватнасці, у пункце пропуску "Варшаўскі мост" на граніцы з Польшчай да надгляднага комплексу, які сканіруе аўтамабілі, дадалі яшчэ адзін. "Тое ж самае цяпер робім у пункце пропуску "Каменны Лог": дабаўляем яшчэ адзін сканер для машын і адзін - для багажу. Мы стараемся тэхнічнымі сродкамі мінімізаваць час праходжання граніцы. Што датычыцца асабовага складу, у нас ёсць магчымасці з улікам рэзерву пасля закрыцця іншых пунктаў пропуску. Змены ўкамплектаваны максімальна, таму з супрацоўнікамі праблем няма. Цяпер стараемся абсталяваць тэхнікай", - расказаў старшыня ДМК.

Пра спробы абвастрыць сітуацыю

Таксама ён пракаменціраваў выпадкі, калі асобныя грамадзяне спрабуюць спецыяльна дэстабілізаваць абстаноўку, актыўна звяртаюцца да выкарыстання тэлеграм-чатаў. Усе факты правяраюцца. Адзін з апошніх: нібыта грамадзянін Літвы прастаяў на ўезд амаль суткі. Высветлілася, што названы пункт літовец не перасякаў, а праходзіў граніцу ў іншым пункце пропуску і аформіўся крыху больш, чым за гадзіну.

"Мы ўсе такія факты правяраем, адпаведную рэакцыю даём. Але, як правіла, такія ўкіды - фэйкі", - падкрэсліў Уладзімір Арлоўскі.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі