Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 лютага 2019, 15:20

Законапраект аб судова-экспертнай дзейнасці плануецца ўнесці на вясеннюю сесію парламента

13 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праект закона "Аб судова-экспертнай дзейнасці" плануецца ўнесці на вясенню сесію парламента, паведаміў журналістам старшыня Дзяржкамітэта судовых экспертыз (ДКСЭ) Андрэй Швед, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"На гэты час законапраект знаходзіцца ва ўрадзе, рыхтуецца да ўнясення ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу для падрыхтоўкі да першага чытання на вясенняй сесіі", - сказаў Андрэй Швед.

Праект закона накіраваны на комплекснае рэгуляванне грамадскіх адносін у сферы судова-экспертнай дзейнасці. Ён змяшчае адзіныя падыходы да арганізацыі і ажыццяўлення як дзяржаўнай, так і недзяржаўнай экспертнай дзейнасці. У ім будуць вызначаны агульныя для ўсіх відаў працэсаў падыходы да назначэння і правядзення судовых экспертыз, адзіныя патрабаванні да суб'ектаў судова-экспертнай дзейнасці, парадку абыходжання з аб'ектамі судовых экспертыз, прадугледжаны гарантыі асобам, адносна якіх праводзіцца судовая экспертыза і інш.

Паводле слоў Андрэя Шведа, дзякуючы прыняццю закона плануецца кардынальна павысіць якасць судова-экспертнай дзейнасці. "Заключэнне эксперта мае важную, часам ключавую, ролю ва ўстанаўленні ісціны. Таму вельмі важна забяспечыць якасць, навуковую абгрунтаванасць заключэння спецыяліста, аператыўнасць работы, каб праваахоўныя органы маглі своечасова прымаць працэсуальныя рашэнні", - сказаў ён.

Як адзначыла старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве

Наталля Гуйвік, асноўная задача судова-экспертнай дзейнасці - аказанне праваахоўным, судовым і іншым органам дапамогі ў прыняцці справядлівых і законных рашэнняў. Дзякуючы стварэнню ў 2013 годзе ДКСЭ - органа, які ажыццяўляе адзіную дзяржаўную палітыку ў сферы судова-экспертнай дзейнасці, удалося скараціць тэрміны правядзення экспертыз, а, такім чынам, тэрміны расследавання крымінальных спраў і разгляду іх у судах. Камітэт судэкспертыз сканцэнтраваў кадравыя і фінансавыя намаганні, стварыў агульную прыборную базу, уніфікаваў метадычнае забеспячэнне.

У ходзе падрыхтоўкі законапраекта да першага чытання ў ДКСЭ праходзіць семінар з удзелам дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Сумесна з кіраўніцтвам Дзяржаўнага камітэта і Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў абмяркоўваюцца пытанні прававога рэгулявання судова-экспертнай дзейнасці.

Акрамя таго, госці наведалі экспазіцыю сучасных узораў крыміналістычных сродкаў і ўпаковачных матэрыялаў, вытворчасць якіх наладжана прадпрыемствам "Белсудэкспертзабеспячэнне". Пабывалі ў лабараторыі экспертыз наркотыкаў, дзе азнаёміліся з арганізацыяй у Дзяржаўным камітэце такіх даследаванняў, з пытаннямі падрыхтоўкі спецыялістаў, кантролю дакладнасці заключэнняў. У падраздзяленні экспертыз матэрыялаў, рэчываў і вырабаў уздымаліся пытанні мадэрнізацыі экспертнага абсталявання, выкарыстання праваахоўнымі органамі рэзультатаў экспертыз пры расследаванні злачынстваў, а таксама выкарыстання заключэнняў экспертаў у грамадзянскім судаводстве.

Штогод Дзяржаўным камітэтам выконваецца больш за 340 тыс. судовых экспертыз, даследаванняў па запытах органаў, што ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць. Спецыялісты прымаюць удзел у аглядзе месцаў здарэнняў. Эфектыўнае вядзенне крыміналістычных улікаў штогод садзейнічае раскрыццю больш як 20 тыс. злачынстваў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі