Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 сакавіка 2020, 13:13

Заявак ад пажылых людзей на дастаўку прадуктаў і лякарстваў становіцца больш - Румак

27 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прапануемая адзінокім пажылым людзям і інвалідам дапамога ў дастаўцы дадому прадуктаў харчавання і лякарстваў з кожным днём становіцца ўсё больш запатрабаванай. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На базе тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва арганізаваны прыём заявак ад адзінокіх пажылых і інвалідаў з просьбай даставіць дадому прадукты харчавання і лякарствы. "Работу арганізавалі праз ТЦСАНы, яны выступаюць каардынуючымі арганізацыямі ў рэгіёнах, каб аб'яднаць намаганні Чырвонага Крыжа, БРСМ, а таксама ўсіх неабыякавых. З кожным днём узрастае колькасць людзей, якія хочуць атрымаць такую дапамогу. Праводзіцца актыўная растлумачальная работа, каб пажылыя людзі зразумелі, што для іх бяспечней знаходзіцца дома ў гэты час, лішні раз не выходзіць на вуліцу, а скарыстацца дапамогай сацыяльных службаў", - сказаў Аляксандр Румак.

Званкі прымаюцца ад усіх пажылых людзей - і адзінокіх, і адзінока пражываючых, адзначыў ён. "Стараемся высвятляць, можа, ёсць суседзі, якія гатовы аказаць дапамогу, прынесці прадукты. Але мы таксама павінны перагарадзіць шлях махлярам, якія карыстаюцца давер'ем пажылых людзей. Менавіта таму стараемся максімальна ўзгадняць, хто і калі прыйдзе ў якасці памочніка, аж да наяўнасці дакумента, што засведчвае асобу. Чырвоны Крыж для сваіх валанцёраў робіць бэйджы", - звярнуў увагу намеснік міністра.

Ён падкрэсліў важнасць аховы здароўя абодвух бакоў - і пажылых людзей, і сацработнікаў, валанцёраў, якія павінны наведваць падапечных у масцы і пальчатках, выкарыстоўваць антысептык. "У многіх тэрытарыяльных цэнтрах, у аддзяленнях дзённага знаходжання людзей з інваліднасцю і ў дамах-інтэрнатах ёсць майстэрні, дзе ў тым ліку шыюць пасцельныя рэчы, ручнікі і падобнае для патрэб устаноў сацабслугоўвання. У такіх майстэрнях сёння наладжана і вытворчасць масак", - расказаў Аляксандр Румак.

Сацыяльна адказны бізнес дапамагае праз Чырвоны Крыж, які збірае грошы ад мэцэнатаў і потым набывае сродкі аховы. "Такая дапамога будзе толькі вітацца. Прыцягваюцца ўсе магчымыя сродкі", - сказаў намеснік міністра.

Дадаткова ён нагадаў, што паштовыя аддзяленні займаюцца дастаўкай пенсій дадому па жаданні чалавека. Хоць даволі шмат пажылых людзей сёння ўжо карыстаюцца карткамі. Інакш кажучы, ёсць спосабы, каб пазбегнуць выхаду на вуліцу, у паштовыя аддзяленні, банкі за пенсіяй.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі