14 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урачыстая цырымонія ўскладання кветак прайшла каля стэлы "Мінск - горад-герой", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Мінчане прыйшлі ўшанаваць памяць удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія загінулі пры абароне Радзімы і сталіцы. У цырымоніі прынялі ўдзел старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў.
Да пачатку цырымоніі каля стэлы прайшоў тэатралізаваны паказ.
У знакавым для беларусаў месцы сабраліся прадстаўнікі Мінгарвыканкама, раённых адміністрацый, грамадскасці, прадпрыемстваў горада, сілавых ведамстваў, дэпутаты, госці з гарадоў-пабрацімаў, ветэраны, моладзь.
"Асабліва ўдзячныя Прэзідэнту, які ўдзяляе сур'ёзную ўвагу клопату аб ветэранах. Сёння вялікае свята для Мінска, які за сваю стойкасць атрымаў званне горада-героя. Рады быць тут, таму, што над намі мірнае неба, што радуемся жыццю. Павінны перадаць моладзі любоў да Радзімы", - адзначыў у размове з журналістамі ветэран, удзельнік вайны ў Афганістане Анатоль Жарыкаў.
Ускладанне кветак да стэлы "Мінск - горад-герой традыцыйна адкрывае праграму святкавання Дня горада. У бягучым годзе сталіца адзначае 957 гадоў з дня заснавання.
Архітэктурна-скульптурны комплекс, які ўключае абеліск і бронзавую скульптуру "Радзіма-маці" з'яўляецца часткай адзінага ансамбля Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.-0-