24 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Забруджванне паветра ў Беларусі пылам звязана з працяглай адсутнасцю ападкаў і парывістым ветрам. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Аляксандр Бяганскі.
"Пыл можа ўздымацца пры моцным парывістым ветры і дэфіцыце ападкаў. У красавіку ў нас назіраецца працяглы перыяд засушлівага надвор'я, а ў заходніх раёнах, напрыклад па Гродзенскай і Брэсцкай абласцях, сёння адзначаюцца парывы ветру да 16 м/с", - сказаў ён.
У Беларусі ў прыземным слоі і на вышыні да 5-7 км пераважаюць паўднёва-ўсходнія напрамкі ветру. Гэта значыць, што паветраная маса перамяшчаецца з паўднёвага ўсходу на паўночны захад - на тэрыторыю Польшчы, краін Балтыі, Балтыйскага мора. Выпадкі забруджвання паветра пылам іншым разам назіраюцца і ў летні перыяд - у сувязі з адсутнасцю дажджоў і парывістым ветрам большым за 15 м/с.
Адказваючы на пытанне, ці не звязана цяперашняе забруджванне паветра з паступленнем на тэрыторыю краіны афрыканскага пылу, ён адзначыў, што такіх даных у Белгідрамета няма. "Па траекторыі руху паветраных мас ён да нас не павінен паступаць", - дадаў начальнік службы.-0-