Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
04 ліпеня 2019, 10:38

Забарона на наведванне лясоў прадаўжае дзейнічаць у 21 раёне Беларусі

4 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Забарона на наведванне лясоў прадаўжае дзейнічаць у 21 раёне Беларусі. Такая інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі, паведамляе БЕЛТА.

Па стане на раніцу 4 ліпеня, больш за ўсё забарон па-ранейшаму дзейнічае ў Брэсцкай вобласці: для наведвання закрыты лясы 15 з 16 раёнаў. Выключэнне складае толькі Столінскі раён. Нельга наведваць лясы таксама ў пяці раёнах Мінскай вобласці (Пухавіцкім, Уздзенскім, Стаўбцоўскім, Валожынскім і Любанскім) і Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці.

На сайце Мінлясгаса размешчана інтэрактыўная карта, па якой можна адсочваць увядзенне і зняцце абмежаванняў у патрэбным рэгіёне (http://www.mlh.by/maps/map.php). Карта аператыўна абнаўляецца.

За парушэнне забароны прадугледжана адказнасць. Гэта можа быць папярэджанне або штраф да 25 базавых велічынь па арт. 15.29 КоАП (адна базавая велічыня - Br25,5). Калі ў выніку пацерпіць лес або тарфянік, сума штрафу можа ўзрасці ўдвая.

У адпаведнасці з Лясным кодэксам рашэнне аб увядзенні забароны на наведванне ляснога фонду ў пажаранебяспечны сезон прымаюць мясцовыя распарадчыя і выканаўчыя органы. Ключавым фактарам пры прыняцці такога рашэння з'яўляюцца ўмовы надвор'я: тэмпература, адсутнасць ападкаў, ветру. Як правіла, меры абмежавальнага характару ўводзяцца пры надыходзе 4-га класа пажарнай небяспекі па ўмовах надвор'я: калі стаіць гарачае, сухое надвор'е, адсутнічаюць ападкі, і пажар можа ўзнікнуць ад любой іскры. Увядзенне забароны на наведванне лясоў - мера, накіраваная на забеспячэнне бяспекі грамадзян, захаванасці іх маёмасці, а таксама ляснога фонду.

Для ліквідацыі лясных пажараў у Мінлясгаса ёсць 257 пажарна-хімічных станцый, а таксама 660 пунктаў проціпажарнага інвентару, якія ўкамплектаваны неабходнай колькасцю сродкаў пажаратушэння. Выкарыстоўваюцца 545 пажарных аўтамабіляў, больш за 360 бочак для падвозу вады, 355 лесапажарных модуляў для аператыўнага тушэння, 1803 мотапомпы і 12,6 тыс. ранцавых апырсквальнікаў, больш за 1 тыс. глебаапрацоўчых прылад для пракладкі мінералізаваных палос. Для ранняга выяўлення лясных пажараў створана сетка з больш як 620 пажарна-наглядальных вышак і мачтаў, з іх больш за 530 абсталяваны сродкамі відэаназірання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі