Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 кастрычніка 2020, 16:55

З выдзеленых на летняе дзіцячае аздараўленне бюджэтных сродкаў зрасходавана палавіна

21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На мерапрыемствы дзіцячай летняй аздараўленчай кампаніі ў гэтым годзе было выдзелена амаль Br50 млн з рэспубліканскага бюджэту, выкарыстана амаль Br24,6 млн. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БЕЛТА намеснік начальніка аддзела дзяржаўных закупак і метадычнай работы Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Аляксей Жалянкоў.

"Усяго на мерапрыемствы дзіцячай летняй аздараўленчай кампаніі было выдзелена амаль Br50 млн, выкарыстана амаль Br24,6 млн, - сказаў Аляксей Жалянкоў. - У тым ліку Br23,6 млн - на патанненне кошту пуцёвак, Br600 тыс. - на набыццё пуцёвак для дзяцей з забруджаных тэрыторый, пацярпелых ад наступстваў аварыі на ЧАЭС. І Br600 тыс. - з рэспубліканскага бюджэту на падрыхтоўку загарадных лагераў да работы ў летні перыяд. Агульная сума сродкаў, выдзеленых на ўмацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, склала Br13,5 млн. У асноўным гэта сродкі ўласнікаў, мясцовых бюджэтаў, заробленыя на суботніку".

Нявыкарыстаныя ў летнюю кампанію сродкі вернуцца ў бюджэт.

Каб забяспечыць даступнасць дзіцячага аздараўлення, быў арганізаваны кантроль за цэнаўтварэннем. Павялічаны памеры патаннення кошту пуцёвак за кошт рэспубліканскага бюджэту. За пуцёўкі на 18 дзён у звычайны загарадны стацыянарны лагер памер патаннення склаў Br205 пры рэальным кошце каля Br475 па рэспубліцы, у лагер з дзённым знаходжаннем - Br85 пры кошце прыблізна Br127. "Сярэдні кошт пуцёвак для дзяцей і бацькоў не змяніўся ў параўнанні з мінулым годам, нягледзячы на дадатковыя затраты ўласнікаў, мясцовых выканаўчых органаў, якія ім давялося панесці, каб арганізаваць усе неабходныя меры бяспекі і проціэпідэмічныя меры", - адзначыў Аляксей Жалянкоў.

Ён падкрэсліў, што каранавірусная інфекцыя не ўнесла значныя карэкціроўкі ў арганізацыю дзіцячага аздараўлення. Таму што сістэма мерапрыемстваў, схема прадастаўлення пуцёвак, іх патаннення даўно сфарміравана. Але трэба было прыняць дадатковыя меры пры арганізацыі работы. "На міжнародны вопыт спасылацца практычна не было магчымасці. Таму што ўсе краіны амаль адначасова сутыкнуліся з гэтай бядой. Мы зыходзілі з нашых рэалій і магчымасцей, каб максімальна засцерагчы дзяцей, але і забяспечыць патрэбнасць у даступным адпачынку і аздараўленні", - сказаў Аляксей Жалянкоў.

Асноўная навела гэтага сезона - патрабаванні санітарных норм і правіл дапоўнены часовымі метадычнымі рэкамендацыямі, каб перашкаджаць занясенню і распаўсюджванню інфекцыі. З-за дадатковых арганізацыйных пытанняў змены ў лагерах зрушыліся на ліпень. І ўсё залежала яшчэ і ад наяўнасці заявак.

У гэтым годзе пастаянна праводзіўся прафілактычны маніторынг бяспечнага знаходжання дзяцей на аздараўленні, выканання ўмоў працы работнікаў арганізацый. Усе лагеры былі аснашчаны сродкамі індывідуальнай аховы і дэзынфекцыі. Былі распрацаваны алгарытмы процідзеяння занясенню каранавіруснай інфекцыі і правілы медыцынскай дапамогі. "Гэта дало магчымасць у гэтым годзе дабіцца таго, што ў параўнанні з папярэднім годам менш было парушэнняў санітарных норм і правіл. А па-другое, захваральнасць на ўсе віды вострых рэспіраторных захворванняў таксама знізілася", - дадаў Аляксей Жалянкоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі