Сцяг Аўторак, 26 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 верасня 2024, 16:37

З якога ўзросту можна ўладкавацца на работу? Расказалі ў Дэпартаменце дзяржінспекцыі працы

Фота з архіва
Фота з архіва
13 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. З якога ўзросту можна ўладкавацца на работу, расказаў у прэс-цэнтры БЕЛТА начальнік упраўлення нагляду за выкананнем заканадаўства аб ахове працы Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацабароны Вадзім Вансовіч.

"Канстытуцыяй Беларусі грамадзянам гарантавана права на працу. Такім правам хочуць скарыстацца і маладыя людзі, якія ў летні час не супраць падзарабіць. Дзяржавай, у тым ліку ў мэтах бяспекі, прадугледжаны пэўныя ўмовы і абмежаванні па найме непаўналетніх. Прыём на работу можна ажыццяўляць толькі з 14 гадоў. Прычым як па працоўным дагаворы - кантракце, так і па грамадзянска-прававым дагаворы, які рэгламентуецца Грамадзянскім кодэксам і ўказам нумар 314. Аднак возьмуць на работу не кожнага 14-гадовага. Каб ва ўзросце з 14 да 16 гадоў уладкавацца па працоўным дагаворы, неабходна пісьмовая згода аднаго з бацькоў. Калі ж малады работнік захоча працаваць па грамадзянска-прававым дагаворы, то з 14 да 18 гадоў ён павінен атрымаць пісьмовую згоду двух законных прадстаўнікоў. Калі гэту ўмову не выканаць, то на работу такога маладога чалавека браць нельга", - расказаў Вадзім Вансовіч.

Ёсць нюансы і па выбары відаў работ для непаўналетніх. "Працаваць па любой прафесіі падлетак не можа. Дзяржавай з мэтай гарантавання бяспекі вызначаны спіс дазволеных відаў работ. Пастановай Міністэрства аховы здароўя вызначаны гранічныя нормы пад'ёму цяжару і перамяшчэння грузаў уручную. Гранічныя нормы для моладзі складаюць: для дзяўчат 14 гадоў - 3 кг, 15 гадоў - 4 кг, 16 гадоў - 5 кг, 17 гадоў - 6 кг, для юнакоў - 6, 7, 10 і 12 кг адпаведна", - растлумачыў начальнік упраўлення.

Ён прывёў у якасці прыкладу няшчасны выпадак, які здарыўся ў 2023 годзе з маладым чалавекам на адным з прадпрыемстваў: "Яго непасрэдны кіраўнік папрасіў дапамагчы перанесці цюк саломы, які важыў больш за 100 кг. Пры пад'ёме 100-кілаграмовага цюка нага ў маладога чалавека падвярнулася, ён упаў і атрымаў пералом нагі. Службовая асоба наймальніка дапусціла парушэнне - небяспечна арганізавала пагрузачна-разгрузачныя работы, што прывяло да траўміравання непаўналетняга".

"Таму дзяржавай вызначаны і зацверджаны пастановай Мінпрацы і сацабароны спіс работ, да якіх забараняецца прыцягваць падлеткаў. Напрыклад, забаронена работа на вышыні, верхалазныя работы, горныя, падземныя, работы, звязаныя з эксплуатацыяй якога-небудзь абсталявання, небяспечныя работы. Дзеці 14-16 могуць выконваць толькі лёгкія віды работ, да якіх, напрыклад, адносіцца ручная мыйка аўтамабіляў, сельскагаспадарчыя работы па пасадцы і праполцы прадукцыі раслінаводства без прымянення якіх-небудзь механізмаў і ядахімікатаў. Асобам маладзейшым за 18 гадоў забаронена выконваць работы, якія належаць да цяжкіх, а таксама са шкоднымі і небяспечнымі вытворчымі фактарамі", - расказаў начальнік упраўлення. Аднак, адзначыў ён, вышэйназваныя работы дапускаецца выконваць тым, хто праходзіць вытворчую практыку і з'яўляецца навучэнцам установы адукацыі, але норма працягласці рабочага часу не павінна перасягаць 4 гадзіны ў дзень.

Акрамя таго, для непаўналетніх устаноўлена скарочаная працягласць рабочага часу. "Моладзь не павінна працаваць па 8 гадзін. Дзеці 14-16 гадоў могуць працаваць не больш за 23 гадзіны на тыдзень. Для параўнання: звычайны працоўны тыдзень - 40 гадзін. Маладым людзям 16-18 гадоў дазволена выконваць работу ўжо ў колькасці 35 гадзін на тыдзень. Гэтыя нормы дзейнічаюць у свабодны ад вучобы час - летам і на канікулах. Калі ж малады чалавек хоча папрацаваць у час вучобы, напрыклад пасля школы, то тут норма працягласці работы не павінны перасягаць палавіны ад максімальнай нормы часу для ўзросту работніка. Гэта значыць, калі прадугледжана 35 гадзін на тыдзень, то ён у час вучобы ў свабодны час можа працаваць не больш як 17,5 гадзіны на тыдзень", - адзначыў Вадзім Вансовіч.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі