Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
01 ліпеня 2020, 10:03

"З ГОНАРАМ У СЭРЦЫ": У неба за марай, або Адзін дзень з жыцця Баранавіцкай знішчальнай авіябазы

У Баранавічах дыслацыруецца адзіная ў Беларусі знішчальная авіяцыйная база, якая нясе кругласутачнае баявое дзяжурства. Да нядаўняга часу ваенныя лётчыкі паднімалі ў паветра імклівыя МіГ-29. Амаль паўгода таму яны пачалі асвойваць сучасныя Су-30 СМ. Карэспандэнтам БЕЛТА выпала ўнікальная магчымасць правесці дзень з ваеннымі авіятарамі і даведацца аб рамантыцы і цяжкасцях лётнай прафесіі.

Жыццё 61-й знішчальнай авіябазы можна апісаць некалькімі словамі: калі палётаў няма, то ваенныя да іх рыхтуюцца. Аднак за гэтым стаіць тытанічная праца многіх людзей. Да будучых палётаў знішчальнікаў рыхтуе інжынерна-тэхнічны склад. Дапамагаюць у гэтым ваеннаслужачыя тэрміновай службы. У асноўным яны працуюць вадзіцелямі спецмашын. Падвозяць кісларод, паліва, іншыя вадкасці і падаюць іх для запраўкі самалётаў. Свой участак работ выконваюць спецыялісты па сувязі. Пілоты ў перапынках паміж палётамі штудзіруюць тэорыю, прапрацоўваюць заданне спачатку на зямлі, а потым у небе.

"Асноўная задача - падрыхтавацца да нясення баявога дзяжурства. У кожнага лётчыка ёсць праграма ўдасканалення і атрымання лётнай кваліфікацыі. Гэта значыць ідзе пастаяннае развіццё, - падкрэсліў камандзір 61-й авіябазы Юрый Пыжык. - Мы адзіная знішчальная авіябаза, якая нясе кругласутачнае баявое дзяжурства. Гэта высокая адказнасць. Узровень падрыхтоўкі лётнага і інжынерна-тэхнічнага складу сведчыць аб тым, што мы можам выканаць любую задачу па абароне дзяржаўнай граніцы ў паветранай прасторы".

На аэрадроме кіпіць работа. Тэхнікі скрупулёзна правяраюць спраўнасць абсталявання і сістэм самалётаў. Раз-пораз да іх для запраўкі пад'язджаюць грузавікі. Нашу ўвагу прыцягнулі ярка-блакітныя знішчальнікі - Су-30 СМ. "Гэта гордасць не толькі нашай базы, але і Узброеных Сіл. Су-30 СМ - перадавыя мнагамэтавыя самалёты пакалення 4+. У іх унікальныя магчымасці. Знішчальнік можа весці паветраны бой, перахопліваць цэлі на вялікіх далёкасцях, наносіць удары па наземных цэлях. Гэту машыну мы прадэманстравалі на парадзе", - адзначыў Юрый Пыжык.

Чатырма Су-30 СМ паветраны парк авіябазы папоўніўся мінулай восенню. Чакаюцца пастаўкі яшчэ васьмі такіх машын. Лётчыкі і тэхнікі прайшлі перанавучанне для работы з новымі знішчальнікамі. На іх лятаюць пілоты першай эскадрыллі, іх калегі паднімаюць у неба МіГ-29.

Старшы авіяцыйны тэхнік Раман Абрамовіч адным з першых стаў працаваць з новай тэхнікай. Мінулым летам ён скончыў ваенны факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі. Спачатку абслугоўваў МіГ-29, з кастрычніка - Су-30 СМ. "Я адказваю за ўвесь самалёт. Ад маёй работы залежыць, як ён будзе паводзіць сябе ў паветры. Гэта і адказнасць за жыццё лётчыка, які садзіцца ў кабіну з упэўненасцю, што ўсё падрыхтавана добра", - сказаў лейтэнант. Раман Абрамовіч прызнаўся, што авіяцыя яго захапіла з першых дзён вучобы. Разам з любімай прафесіяй з'явілася і хобі. "Як толькі паступіў, пачаў займацца авіямадэляваннем. Калі сам працуеш з самалётам, цікава потым збіраць зменшаныя копіі. Цяпер у мяне 11 мадэлей самалётаў і 2 - верталётаў. Ёсць практычна ўсе самалёты, якія маюцца на ўзбраенні ў Беларусі, у тым ліку Су-30 і МіГ-29", - расказаў малады чалавек аб мініяцюрным авіяпарку.

Некаторымі самалётамі, мадэлі якіх майструе Раман Абрамовіч, яго калегу Сяргею Глушчанку давялося кіраваць у рэальнасці. Першы палёт быў у 1999 годзе на Як-52. Потым паднімаў у неба Л-39, Су-27, МіГ-29, цяпер пілатуе Су-30 СМ. У маёра ўжо больш за 20 гадоў стажу. Паводле яго слоў, ён усё яшчэ прадаўжае вучыцца лятаць. "Праводзім вучэбныя, трэніровачныя палёты, каб у любы момант маглі выканаць задачы па ахове дзяржаўнай граніцы ў паветранай прасторы Беларусі. Рыхтуемся лятаць усё жыццё. Кожны раз трэба ўдасканальвацца, даведвацца нешта новае", - заўважыў ён і дадаў, што палёт можа прадаўжацца ад 15 мінут да 1,5 гадзіны.

На аэрадроме 61-й авіябазы экіпажы кругласутачна знаходзяцца на баявым дзяжурстве. Па сігнале лётчыкі за кароткія тэрміны павінны заняць месца ў кабіне і па камандзе выканаць узлёт. Паводле слоў маёра, сітуацыі могуць узнікнуць розныя. Напрыклад, знішчальніку трэба знайсці парушальніка паветранай прасторы і прымусіць яго да пасадкі. "Беларусь - транзітная краіна, у нас над галовамі па паветраных трасах лятае шмат пасажырскіх і грузавых самалётаў. Калі нехта з іх не выконвае правілы палёту (адхіліўся ад маршруту або не выйшаў на сувязь), падымаецца дзяжурнае звяно. Пры непадпарадкаванні судна-​​парушальніка можам прымяніць зброю. Але да такога, як правіла, не даходзіць", - растлумачыў Сяргей Глушчанка.

Усе рухі ў палёце пілоты даводзяць да аўтаматызму: у паветры няма часу на абдумванне стрэсавай сітуацыі. Таму алгарытм дзеянняў на кожны выпадак яны адточваюць на трэнажоры. Ён выглядае як кабіна рэальнага самалёта. Вакол устаноўлены экраны, на якія праецыруецца выява зададзенай мясцовасці. "У некаторых выпадках, якія могуць узнікнуць у палёце, лік ідзе на секунды. Гэта вялікая адказнасць, паколькі знішчальнік ляціць над галовамі людзей. Яго нельга, як машыну, спыніць каля абочыны, падняць капот і патузаць за правады. Калі ў самалёта нешта перастае дзейнічаць, ён прадаўжае рухацца. У палёце такое адбываецца нячаста, але верагоднасць заўсёды ёсць", - заўважыў пілот.

Служба ваенных лётчыкаў, мякка кажучы, цяжкая. Кожны раз у палёце яны зведваюць вялікія фізічныя нагрузкі. Але яны гатовы зноў і зноў садзіцца за штурвал самалёта, таму што ўлюбёны ў неба.

Аляўціна ЧАРНАВОЛАВА,

Фота Вадзіма ЯКУБЁНКА,

БЕЛТА.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі