Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 жніўня 2020, 16:02

"З ГОНАРАМ У СЭРЦЫ": Сонечны, культурны і вельмі прагрэсіўны горад: рэпартаж з Маладзечна

"Маладзечна з кожным годам мяняецца толькі ў лепшы бок", - гавораць яго жыхары. У горадзе з'явіліся шматфункцыянальныя спартыўныя аб'екты, амфітэатр, унікальныя вадаёмы з фантанамі. Вядзецца добраўпарадкаванне дамоў і дарог. У бліжэйшых планах - будаўніцтва дзіцячага сада - пачатковай школы, Палаца шлюбаў і паліклінікі, паляпшэнне транспартных зносін са сталіцай. Паступова ў горадзе павялічваецца колькасць прадпрыемстваў, з'яўляюцца рабочыя месцы. Паралельна растуць новыя жылыя мікрараёны. Разам са старшынёй Маладзечанскага райвыканкама Юрыем Горлавым карэспандэнты БЕЛТА прагуляліся па горадзе і пагаварылі аб яго развіцці як райцэнтра, культурнай сталіцы і прамысловай зоны.

Культура - галоўная адметная рыса горада і народа

Прасторная цэнтральная плошча з фантанам, вінтажнымі ліхтарамі, паркам Перамогі - любімая тэрыторыя для прагулак маладзечанцаў, прычына для гонару і месца сустрэчы гасцей. Адсюль пачынаем знаёміцца з горадам і яго кіраўніцтвам. Юрый Горлаў узначаліў Маладзечанскі райвыканкам у 2018 годзе, да гэтага працаваў у Стоўбцах, Мінску, Уздзе і іншых гарадах. "Па вопыце жыцця і работы ў розных гарадах, якія, вядома, па-свойму ўнікальныя, магу сказаць, што ў Маладзечне вельмі камфортна і цікава. Гэта чысты, светлы, добраўпарадкаваны горад з развітой інфраструктурай, немалой колькасцю рабочых месцаў у розных галінах, добрымі ўмовамі для развіцця бізнесу, - адзначае кіраўнік райцэнтра. - Мноства культурных падзей, выгаднае геаграфічнае размяшчэнне - у гэтага горада шмат плюсаў. Тут узровень жыцця не горшы, чым у сталіцы, толькі ўсё значна кампактней і менш мітусні. Напэўна, менавіта таму горад расце і развіваецца. Цяпер у нас пражывае 95 тыс., у цэлым па раёне 136 тыс. Думаю, такімі тэмпамі хутка станем горадам-статысячнікам".

Пакуль гуляем па плошчы, сустракаем шмат моладзі, маці з каляскамі, дзяцей. Юрый Горлаў з усмешкай заўважае, што ў хуткім часе ў горадзе можа стаць больш шчаслівых сем'яў. Побач з Цэнтральнай плошчай з'явіцца новы Палац шлюбаў. Гэта будзе прасторны сучасны будынак, які ўзвядуць па ўнікальным праекце.

У гарачы поўдзень многія стараюцца праводзіць час у цяньку дрэў у парку Перамогі. Яго заклалі ў 1946 годзе. Каля 10 гадоў таму тут добраўпарадкавалі два штучныя вадаёмы з перакатамі. Бліжэй пад вечар тут пачынаюць біць фантаны, а калі цямнее, рукатворныя гейзеры расквечвае падсветка. Набярэжную ўпрыгожваюць белыя ратонды - любімае месца для маладых. А мяркуючы па колькасці новых замкоў на каваным мастку, у горадзе іх нямала ў гэты вясельны сезон. Палюбавацца маляўнічымі краявідамі парку можна не толькі з берага. Тут у цёплы час года адкрываецца пракат катамаранаў, таму пры жаданні можна арганізаваць водную прагулку.

Летні амфітэатр на 2,6 тыс. месцаў удачна ўпісаўся ва ўзгорысты ландшафт парку. Тут па традыцыі праводзяць Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна". У наступным годзе гэта свята будзе юбілейным - 20-м. Таму арганізатары прадумваюць культурную праграму ўжо цяпер, каб здзівіць гасцей. У бягучым годзе з-за эпідэмічнай абстаноўкі фестываль вырашылі не праводзіць. Затое ў 2021-м гулянні абяцаюць быць удвая масавымі.

Паміж фестывалямі і вялікімі святамі амфітэатр без справы не прастойвае. Тут ушаноўваюць лепшых выпускнікоў раёна, выдатных працаўнікоў вёскі, праводзяць Дні горада. "Калі мяне просяць апісаць Маладзечна, першае, што прыходзіць у галаву, - культурны. І горад, і наш народ. Мабыць, гэта наша ўнікальная рыса. Нездарма ў 2016 годзе Маладзечну прысвоілі ганаровае званне культурнай сталіцы Беларусі. Цяпер гэта наш своеасаблівы трэнд, які стараемся развіваць", - падкрэслівае Юрый Горлаў. Кожныя выхадныя ў гарадскім парку праходзіць невялікае свята. Сцэнкі, канцэрты, гульні арганізоўваюць па чарзе калектывы, творчыя аб'яднанні з усяго раёна. Задзейнічаюць пры гэтым, праўда, не амфітэатр, а меншую сцэну, але людзей збіраецца нямала.

У халодную пару года аматараў культурнага правядзення вольнага часу прымаюць у Палацы культуры. Яго пабудавалі ў 2002 годзе побач з паркам Перамогі, і вось ужо амаль 20 гадоў ён лічыцца лепшым месцам для правядзення мерапрыемстваў, прычым не толькі гарадскога і раённага маштабаў. Тут праходзяць канцэрты зорак беларускай эстрады, знакамітых артыстаў і калектываў Расіі і краін блізкага замежжа, творчыя вечары вядомых людзей, шматлікія дабрачынныя акцыі. Сольныя канцэрты тут давалі Валерый Меладзэ, Лаліта, прыязджалі на гастролі Крысціна Арбакайтэ, Стас П'еха, група "Бі-2". Яны адзначалі добрыя ўмовы, былі задаволены гукам, акустыкай і самой сцэнай.

Славіцца Маладзечна і сваім тэатральным жыццём. У 1990 годзе ў горадзе з'явіўся лялечны тэатр "Батлейка", які быў створаны як абласны тэатр. Сёння ў яго рэпертуары, разлічаным пераважна на юных гледачоў, 22 спектаклі, 90 працэнтаў з іх - казкі на беларускай мове.

Мінскі абласны драматычны тэатр з'явіўся ў Маладзечне на базе Маладзечанскага народнага тэатра гарадскога Дома культуры ў 1991 годзе па ініцыятыве заслужанага работніка культуры Беларусі Мікалая Мацкевіча. Адкрыўся тэатр у 1993 годзе спектаклем "Зямля" паводле паэмы Я. Коласа "Новая зямля". Пры фарміраванні рэпертуару асаблівую ўвагу ўдзяляюць беларускай драматургіі.

Сваёй малой радзімай Маладзечна называюць не толькі таленавітыя акцёры, рэжысёры, але і вядомыя музыканты, для якіх альма-матар стаў Маладзечанскі музычны каледж імя М.К. Агінскага. У свой час яго скончылі беларускія кампазітары Алег Елісеенкаў і Ніна Усцінава, народны артыст Беларусі Аляксандр Ціхановіч, народны артыст Расіі Юрый Антонаў.

Старшыня райвыканкама паказвае Маладзечанскі політэхнічны і гандлёва-эканамічны каледжы, якія знаходзяцца па суседстве. Ён заўважае, што ў горадзе рыхтуюць на высокім узроўні спецыялістаў не толькі творчай сферы, але і інжынернага профілю, а таксама іншых галін эканомікі. У цэнтры горада знаходзіцца медыцынскі каледж імя І.В. Залуцкага, які забяспечвае патрэбнасць рэгіёна ў медперсанале сярэдняга звяна.

"У цэлым жа Маладзечна - горад даволі малады, у нас шмат моладзі, студэнтаў, якія прыязджаюць да нас вучыцца не толькі з бліжэйшых гарадоў, але і самых аддаленых рэгіёнаў. Многія хочуць прадоўжыць сваю прафесійную дзейнасць у Маладзечне. Мы ж гатовы ствараць выгадныя ўмовы для маладых спецыялістаў не толькі на рабочых месцах, але і старацца ўсяляк падтрымліваць іх у плане жылля. Напрыклад, хочам развіваць сегмент арэнднага жылля для работнікаў сацыяльнай сферы. Арэндныя кватэры з'явяцца ў мікрараёне нумар 4, дзе ў хуткім часе пачнецца будаўніцтва васьмі дамоў", - расказвае кіраўнік раёна.

У планах не толькі будаўніцтва жылля, але і развіццё інфраструктуры

Згодна з генпланам плошчы Маладзечна будуць паступова павялічвацца за кошт асваення тэрыторый горада і зносу прыватнага сектара. Да 2030 года будзе пабудавана больш за 450 тыс. кв.м жылля. Цяпер вядзецца распрацоўка праектаў пад будаўніцтва мікрараёнаў нумар 7, 8, 9, дзе значную долю жылфонду адвядуць для шматдзетных. У мінулым годзе мясцовыя ўлады забяспечылі сучаснымі кватэрамі 142 шматдзетныя сям'і, усяго ж было пабудавана 44 тыс. кв.м жылля. У бягучым годзе плануюць увесці ў эксплуатацыю сем шматкватэрных жылых дамоў. Наваселле змогуць адсвяткаваць 150 шматдзетных сем'яў.

Стараюцца гарадскія ўлады не толькі задаволіць попыт на жыллё, але і стварыць дадатковыя месцы для навучання і выхавання дзяцей. У бліжэйшы час у мікрараёне нумар 11 будзе будавацца дзіцячы сад - пачатковая школа. "Працуем над пытаннем будаўніцтва яшчэ адной паліклінікі. Здароўе насельніцтва з'яўляецца адной з галоўных умоў паспяховага развіцця рэгіёна. Для аказання высокатэхналагічных відаў медыцынскіх паслуг пры падтрымцы дзяржавы закуплена абсталяванне. Ужо цяпер у горадзе працуюць кабінет МРТ, рэнтгеналагічны мамограф, у бягучым годзе будзе ўведзены ў эксплуатацыю ангіёграф", - сказаў кіраўнік райвыканкама.

У мікрараёнах старой забудовы таксама ўсяляк стараюцца паляпшаць умовы пражывання. Напрыклад, у адным з двароў па вул. Францыска Скарыны каля дзвярэй пад'ездаў з'явіліся яркія карціны, паставілі арэлі, лаўкі, змайстравалі прадметы дэкору. Усё гэта зрабілі сваімі сіламі мясцовыя жыхары. Перыядычна тут суседзі праводзяць невялікія мерапрыемствы.

Маладзечанцы ганарацца сваімі шматлікімі спартыўнымі аб'ектамі. У горадзе створана ўся інфраструктура, каб падтрымліваць фізічнае здароўе, займацца каманднымі гульнямі і трэніраваць спрыт. Трэнажорная і фітнес-залы, плаванне, фігурнае катанне, хакей, танцы, боўлінг, більярд - гэта няпоўны спіс захапленняў, якія сталі актыўна развівацца ў горадзе пасля адкрыцця спартыўна-забаўляльнага цэнтра. Комплекс пабудавалі ў 2011 годзе. Ён складаецца з трох зон: лядовай арэны на 2,2 тыс. гледачоў, універсальнай спартыўнай залы для заняткаў валейболам, баскетболам, міні-футболам, гандболам (трансфармуецца пад розныя віды спорту) з трыбунамі на 270 гледачоў і басейна з элементамі аквапарку.

На базе спартыўна-забаўляльнага цэнтра размяшчаецца Мінская абласная комплексная дзіцяча-юнацкая спартыўная школа "Алімпік-2011". У адміністрацыі адзначаюць, што графік трэніровак шчыльны, асабліва на лёдзе. Яго дзеляць хакейны клуб "Дынама-Маладзечна", юныя фігурысты, спартсмены, якія прыязджаюць на зборы. Любяць праводзіць выхадныя і вечары маладзечанцы ў басейне з горкамі, якія не пустуюць нават у летні сезон, калі большасць адпачывае на пляжах. Усяго ж у горадзе функцыянуюць сем басейнаў.

Акрамя хакея актыўна гуляюць у Маладзечне ў футбол і валейбол. У 2013 годзе ў горадзе пабудавалі стадыён па пляжных відах спорту, дзе праводзяцца спаборніцтвы еўрапейскага ўзроўню. Арганізаваць матчы міжнароднага маштабу дазваляе і мясцовы футбольны стадыён з арэнай на 4,8 тыс. месцаў. Яго рэканструявалі ў 2005 годзе, а праз чатыры гады аб'екту прысвоілі вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.

Займацца спортам пад адкрытым небам можа дазволіць сабе любы жыхар Маладзечна. Для гэтага нават не трэба прыкладаць ніякіх фінансавых затрат - толькі намаганні. Два гады таму на тэрыторыі гарадскога і пляжнага стадыёнаў з'явіліся трэнажоры. Іх аблюбавала не толькі моладзь, але і старэйшае пакаленне.

Колькасць прадпрыемстваў расце, з'яўляюцца новыя рабочыя месцы

Вялікія планы на бліжэйшую будучыню ў мясцовых улад па развіцці не толькі сацыяльнага сегмента, але і эканомікі горада і раёна. За апошнія 4-5 гадоў у гэтай сферы відаць значныя дасягненні. Узровень беспрацоўя ў раёне за гэты перыяд скараціўся з 1 працэнта да 0,2 працэнта, а сярэдняя заработная плата за 6 месяцаў бягучага года складае Br986,9.

Маладзечанскі раён лічаць прамысловым рэгіёнам з выгадным эканоміка-геаграфічным становішчам і развітымі транспартнымі камунікацыямі. Тут развіваюцца 38 арганізацый асноўнай прамысловай групы і 200 малых прадпрыемстваў з розных галін: металаапрацоўкі, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, мэблі, парфумерыі і керамічных вырабаў. Але асноўны ўпор у рэгіёне робяць на вытворчасці прадуктаў харчавання, у прыватнасці мяса, малака, хлебабулачных вырабаў, на базе такіх прадпрыемстваў, як Маладзечанскі малочны камбінат, "Вялес-Міт", Маладзечанскі камбінат хлебапрадуктаў. Пастаўляюць прадукцыю з рэгіёна ў 42 краіны, і геаграфія паставак расце. Прычым зацікаўлены ў далікатэсах, абсталяванні з Маладзечна вельмі далёкія краіны - Гвінея, Кенія, Егіпет, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты.

Прадпрыемствы, якія працуюць па сучасных тэхналогіях, з'яўляюцца на плошчах ліквідуемых арганізацый і на тэрыторыі СЭЗ "Мінск" у Маладзечне. У якасці прыкладу Юрый Горлаў прыводзіць ТАА "ЗВКОНТ". Прадпрыемства вырабляе на плошчах завода металаканструкцый чыгуначныя кантэйнеры, якія адпраўляюць у асноўным на экспарт. Тут створана больш за 90 рабочых месцаў, сярэдняя заработная плата складае Br1,7 тыс. У хуткім часе ў горадзе будзе ліквідавана "Маладзечнабудматэрыялы". На гэтай вытворчай базе плануе выпуск пелет ТАА "Фортум-Бел".

Павялічваецца ў рэгіёне колькасць рабочых месцаў дзякуючы выгадным умовам для развіцця малога і сярэдняга бізнесу. З 2016 года расце колькасць прадпрымальнікаў. Цяпер "на сябе" ў рэгіёне працуюць 5,5 тыс. суб'ектаў. У асноўным яны спецыялізуюцца на гандлі і сферы паслуг. Пабудавалі ў горадзе і сучасныя гандлёвыя цэнтры: на шопінг у Маладзечне прыязджаюць з бліжэйшых рэгіёнаў, тут выгадныя цэны і камфортныя ўмовы для пакупнікоў.

З'явілася ў горадзе і своеасаблівае ноу-хау - вуліца стрытфуда (па вул. Францыска Скарыны) дзякуючы адной мясцовай актывістцы. Маленькія гандлёвыя павільёнчыкі, дзе прапануюць каву, шаўрму, піцу і лепшыя бургеры ў горадзе, стыльна распісалі. Прадугледзелі месцы для адпачынку і прыёму ежы. Кажуць, што па вечарах і ў выхадныя тут шмат моладзі.

На тэрасе каля піцэрыі мы разгаварыліся з дзвюма сяброўкамі. 24-гадовая Надзея Мілічэнка лічыць, што маладым людзям у Маладзечне жыць не сумна, ёсць куды пайсці і чым сябе заняць у вольны ад работы час. "Я нарадзілася ў Маладзечне і вельмі люблю свой горад. Добра, што ён змяняецца і развіваецца ў лепшы бок, з'яўляюцца такія месцы, як гэта вуліца для моладзі. Стала больш кафэ і іншых месцаў для адпачынку. З'явіліся новыя сады і школы - інфраструктура паляпшаецца. Мы яшчэ любім гуляць па пешаходнай вуліцы Прытыцкага, там таксама цікава і вельмі прыгожа", - дзеліцца дзяўчына.

І мы адпраўляемся на мясцовы бульвар. Уздоўж вуліцы на першых паверхах жылых дамоў размясціліся маленькія магазіны і кафэ, зоны адпачынку з лаўкамі. Ёсць тут кінатэатр. А сімвалам гэтай пешаходкі лічацца гарадскі гадзіннік.

Прайшоўшы па пешаходнай вуліцы ад Цэнтральнай плошчы, трапляем на чыгуначны вакзал. Яго будынак быў пабудаваны амаль 115 гадоў таму, а цяпер з'яўляецца гістарычным помнікам. У 2008 годзе вакзал рэканструявалі і стварылі камфортныя ўмовы для пасажыраў, патокі якіх паступова павялічваюцца. Праз чыгуначны вузел горада кожны дзень праходзіць каля 100 паяздоў.

У крокавай даступнасці ад чыгуначнага вакзала размясціўся аўтавакзал. Яго таксама пачалі рэканструяваць у 2008 годзе. З інтэрвалам 10-15 хвілін адсюль адпраўляюцца маршруткі ў напрамку сталіцы. Добрыя транспартныя зносіны і з іншымі бліжэйшымі гарадамі і прыгарадам. Мяркуючы па электронным табло, адсюль нават пры закрытых граніцах можна паехаць у Літву... Але, аказваецца, так называецца вёска ў напрамку Валожына.

"Некаторыя з Маладзечна ездзяць на работу ў іншыя рэгіёны, напрыклад у Мінск. Мы ўжо абмяркоўваем на ўзроўні аблвыканкама магчымасць расшырыць трасу ў напрамку сталіцы і зрабіць яе двухпалоснай у абодвух напрамках", - заўважае Юрый Горлаў.

Пасля шырокай экскурсіі па горадзе і знаёмства з яго выдатнымі мясцінамі цікавімся, чаму ж Маладзечна называюць сонечным горадам. "Таму што часта, калі ў іншых рэгіёнах ідуць дажджы, у нас свеціць сонца, - смяецца старшыня райвыканкама, а потым ужо сур'ёзна дадае. - А наогул, думаю, наш горад называюць сонечным, таму што маладзечанцы - людзі светлыя і атмасфера тут вельмі цёплая". Дзіўна, але калі мы выязджалі з горада, было сонечна і горача, а ў Мінску ў гэты час ліў дождж.-0-

Фота Аксаны МАНЧУК

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі