Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 чэрвеня 2020, 12:55

"З ГОНАРАМ У СЭРЦЫ": РЭПАРТАЖ: Легендарны "Рассвет" - гучныя перамогі, сур'ёзныя выклікі і сучаснае жыццё

ААТ "Рассвет імя К.П.Арлоўскага" недалёка ад Кіраўска ў Магілёўскай вобласці - той самы калгас "Рассвет", які ў часы СССР грымеў на ўсю краіну. Перадавік, лідар і наватар, пагаворвалі, што на трынаццатую зарплату ў калгасе можна было купіць "Волгу". Карэспандэнты БЕЛТА адправіліся даведацца, чым жыве сучасны "Рассвет".

Аграгарадок Мышкавічы, дзе размешчана гаспадарка, больш падобны на невялікі горад, чым на сельскі населены пункт: шырокія вуліцы, прасторная цэнтральная плошча з помнікамі і фантанамі, Дом культуры, шмат шкла ў аддзелцы будынкаў.

Праектаваў Мышкавічы яшчэ ў савецкі час вядомы архітэктар Георгій Заборскі. Напрыклад, Дом культуры на цэнтральнай плошчы можа ўмясціць да 700 чалавек. Высокія столі, шмат адкрытай прасторы і зімовы сад: тут і цяпер растуць фінікавыя і бананавыя пальмы.

Уяўляе цікавасць у Мышкавічах і будынак дзіцячага сада, пабудаваны па праекце эстонскага архітэктара Тоамаса Рэйна. Аналагаў у Беларусі гэтаму комплексу няма. Гэта адзіны ансамбль самой пабудовы і вялікай гульнявой зоны. Здалёку ён нагадвае невялікі палац: з тэрасамі, шклянымі купаламі для натуральнага асвятлення і паркам. На Усесаюзным аглядзе лепшых архітэктурных твораў у 1987 годзе аб'ект быў адзначаны ў ліку 14 лепшых работ - за паслядоўную рэалізацыю мастацкай задумы, вернасць прынцыпам сучаснай архітэктуры, стварэнне цэласнага мікрасвету, кампактнасць рашэння інтэр'ераў і добраўпарадкавання.

Разам з намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце Наталляй Шапавалавай адпраўляемся ў невялікі музей, размешчаны ў Доме культуры. Экспазіцыя расказвае гісторыю стварэння і станаўлення калгаса. А звязана яна ў першую чаргу з імем Героя Савецкага Саюза Кірыла Арлоўскага, які быў родам з вёскі Мышкавічы. У 1944 годзе Арлоўскі звярнуўся з адкрытым пісьмом да Сталіна, у якім прасіў даць яму магчымасць узначаліць вельмі разбураную ў час вайны гаспадарку ў Кіраўскім раёне. Ён абяцаў, што за некалькі гадоў ператворыць яе ў калгас-мільянер. Просьбу Арлоўскага задаволілі.

У 1950 годзе слава пра "Рассвет" загрымела на ўвесь Саюз. "Як і абяцаў Арлоўскі, калгас адным з першых у СССР стаў мільянерам: выпускаў прадукцыі на мільён рублёў у год. Пасля смерці яго старшыні ў 1968 годзе "Рассвет" узначаліў двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Васіль Старавойтаў. Пры ім былі пабудаваны новыя будынкі для значных аб'ектаў сацыяльнай сферы", - расказвае Наталля Шапавалава.

З канца 2011 года ААТ "Рассвет" кіруе Аляксандр Багель. "Цяпер "Рассвет" - адно з буйнейшых прадпрыемстваў АПК Беларусі, - расказвае дырэктар. - У нас вельмі шырокі профіль работы. Уся прадукцыя - вышэйшай якасці, паступае на ўнутраны рынак Беларусі, штосьці пастаўляецца ў Расію. Мы стараемся трымаць высокую планку, якую ўстанавілі тыя, хто працаваў тут да нас. Не абмінулі "Рассвет" і цяжкія часы - перабудова 1990-х. Але гаспадарка выстаяла. І мне здаецца, адна з галоўных прычын - разнастайнасць выпускаемай прадукцыі".

Працуюць у ААТ амаль 900 чалавек. Яны абслугоўваюць тры малочнатаварныя комплексы, малочнатаварную ферму, пяць ферм беспрывязнога ўтрымання БРЖ. У садах прадпрыемства вырошчваюць яблыкі і чорныя парэчкі. У цяпліцах высаджваюць агуркі і таматы, у адкрыты грунт - капусту і цыбулю, цукровыя буракі і бульбу. Ёсць у гаспадаркі і ўласная гандлёвая сетка: два магазіны, сталовая на 100 месцаў, кафэ-бар, гандлёвыя кропкі на рынках Бабруйска і Магілёва. Мае "Рассвет" і ўласны сучасны санаторый і турыстычную базу на беразе Чыгірынскага вадасховішча.

Мы адпраўляемся на адну з малочнатаварных ферм прадпрыемства, якая была пабудавана адной з апошніх.

"Гэту ферму будавалі ў некалькі этапаў, - расказвае загадчыца фермы Ларыса Бародзіч. - Першы хлеў здалі ў красавіку 2018 года, тады ж пачалі камплектаваць статак выключна сваімі цялушкамі. Цяпер у нас 450 галоў дойнага статка, 370 цялушак. Да канца года плануем цалкам укамплектаваць дойны статак, а гэта 768 галоў".

У сакавіку надой на адну карову склаў 842 кг. Усё малако - экстра-класа, якое здаецца на Бабруйскі філіял "Бабулінай крынкі".

Сіламі гаспадаркі на ферме пабудавалі прафілакторый для цялят на 288 месцаў. Жывуць яны ў індывідуальных доміках. Бычкоў утрымліваюць 20 дзён і аддаюць на іншую ферму, а цялушак трымаюць да трохмесячнага ўзросту. Усяго ў гаспадарцы больш за 9 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы.

Побач з новай фермай размясціўся біягазавы комплекс. Ён адкрыўся ў 2012 годзе. Гэта самая вялікая ўстаноўка ў Беларусі. Тут атрымліваюць 4,8 МВт электрычнай энергіі, якая паступае ў сетку "Магілеэнерга".

"Вытворчасць у нас практычна безадходная, - адзначае начальнік вытворчасці Алег Бяляўскі. - Гной з фермы паступае сюды па трубах, яго разводзяць спецыяльным саставам і размяшчаюць у вялікіх кантэйнерах. Тут выдзяляецца газ, які і круціць магутныя маторы. У суткі атрымліваем 75-80 МВт. Такой колькасці электраэнергіі хопіць, каб асвятліць увесь Кіраўскі раён. Акрамя электраэнергіі выпрацоўваецца цяпло, якога часткова хапае на патрэбнасці цяплічнага камбіната і малочнатаварнай фермы".

Рыхтуюць да новага сезона і сады. "Яблыневыя сады ў нас раскінуліся на 213 га, з якіх 173 га - пладаносныя дрэвы, - знаёміць са сваімі ўладаннямі вядучы аграном-садавод Аляксандр Іваніцкі. - Мы адно з нямногіх прадпрыемстваў, дзе вырошчваюць не толькі яблыкі, але і чорныя парэчкі. Пад іх адведзена 11 га".

Садовыя работы не спыняюцца круглы год. Зімой дрэвы абразаюць, вясной беляць ствалы. Усё ў адпаведнасці з тэхналогіямі. Пастаянна тут працуюць 20 чалавек, а ў сезон збору ўраджаю прыцягваюць да 150 чалавек - на дапамогу прыходзяць у тым ліку работнікі прадпрыемства.

Цяплічны камбінат займае 10 га, з іх 3 га - энергазберагальная цяпліца. Першы ў гэтым годзе ўраджай ужо сабралі: у гаспадарцы вырасцілі і прадалі каля 90 т агуркоў. А першыя таматы адправіліся ў лабараторыю, дзе іх правераць на наяўнасць нітратаў.

"Уся прадукцыя, якая вырошчваецца ў нашых цяпліцах, праходзіць строгі кантроль якасці, - падкрэслівае галоўны тэхнолаг Марыя Бяляўская. - На стол да людзей павінен трапляць натуральны і карысны прадукт".

Поўным ходам ідуць у гаспадарцы веснавыя палявыя работы на плошчы амаль 10 тыс. га. У распараджэнні ААТ аўтапарк з 77 трактароў і 48 машын - легкавых і велікагрузаў.

"Каб людзі ў полі добра працавалі, аб іх трэба клапаціцца. Пасяўная і ўборачная заўсёды патрабуюць шмат сіл. Для падтрымання нашых супрацоўнікаў арганізавана харчаванне. Спецыяльна абсталяваная машына развозіць ім гарачыя абеды непасрэдна ў поле. Гатуюць работнікі нашай сталовай. Абеды фарміруюцца так, каб чалавек атрымліваў збалансаванае харчаванне", - звяртае ўвагу Наталля Шапавалава.

Ёсць у гаспадарцы і свой пашывачны цэх. У дзень тут шыюць каля 30 адзінак спецадзення. Скарыстацца паслугамі цэха па пашыве і рамонце могуць і жыхары Мышкавіч.

Гонар ААТ "Рассвет" - рыбная гаспадарка, якая дзейнічае з 1984 года. "Я прыехаў сюды маладым і амбіцыйным спецыялістам, - успамінае начальнік гэтай вытворчасці Алег Шапавалаў. - Прапанаваў Старавойтаву, які кіраваў калгасам, стварыць паўнацэнную рыбную гаспадарку. Ідэю падтрымалі. На тэрыторыі "Рассвета" было тры вадаёмы, якія выкарыстоўваліся як арашальныя. Вырашылі адаптаваць іх для вырошчвання разнастайнай рыбы ў адкрытай вадзе. У гэтым праекце мы выкарыстоўвалі самыя перадавыя на той момант тэхналогіі. І першыя 100 т рыбы змаглі сабраць ужо на другі год. А ў 1989 годзе на ВДНГ паказалі лепшы вынік ва ўсім Савецкім Саюзе - у той год атрымалі 236 т рыбы".

У вадаёмах агульнай плошчай 75 га вырошчваюць карпаў, шчупакоў, карасёў, таўсталобікаў і белых амураў. Цяпер тут атрымліваюць каля 140-180 т рыбы ў год. Прадукцыя пастаўляецца па ўсёй краіне.

Паводле слоў Алега Шапавалава, вырасціць рыбу ў адкрытых вадаёмах даволі складана. "Самі вадаёмы трэба апрацоўваць, уважліва сачыць за станам і здароўем рыбы, - тлумачыць ён. - Але наша самая вялікая напасць - птушкі, асабліва чаплі і бакланы. Вельмі ім падабаецца перакусваць нашай рыбай. А яшчэ нядаўна тут уладкаваліся дзікія качкі - іх прыцягвае корм".

"ААТ "Рассвет" - гэта не проста шматгаліновая гаспадарка. Гэта гісторыя і традыцыі, гэта лёсы людзей, - падкрэслівае Аляксандр Багель. - Нам дасталася вялікая спадчына, якую неабходна не проста захаваць, але і пастаянна развіваць. А ў сельскай гаспадарцы, як і на любым іншым прадпрыемстве, самае важнае - гэта людзі. Паколькі без кваліфікаваных супрацоўнікаў, без сапраўднай каманднай работы, дзе на кожным узроўні неабходна якаснае выкананне сваіх функцый, нічога не атрымаецца. Бо за любой высокай узнагародай прадпрыемства заўсёды стаіць яго калектыў".

Настасся ГУЗОЎСКАЯ,

фота Алега ФАЙНІЦКАГА,

БЕЛТА.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі