Сцяг Серада, 27 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
09 ліпеня 2024, 09:01

Вызваленне Беларусі. Вільнюскі этап аперацыі "Баграціён"

9 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стратэгічная наступальная аперацыя Чырвонай Арміі "Баграціён" праводзілася войскамі 1-га Прыбалтыйскага, 1-га Беларускага, 2-га Беларускага і 3-га Беларускага франтоў з мэтай разгрому нямецкіх войскаў групы армій "Цэнтр", вызвалення Беларускай ССР і Літоўскай ССР, уступлення савецкіх войскаў у Польшчу. У рамках гэтай стратэгічнай аперацыі былі праведзены 11 наступальных аперацый.

На першым этапе наступальнай аперацыі "Баграціён" войскі трох Беларускіх і аднаго Прыбалтыйскага франтоў правялі Віцебска-Аршанскую, Магілёўскую, Бабруйскую і Мінскую наступальныя аперацыі, разграміўшы галоўныя сілы групы армій "Цэнтр".

У выніку наступлення Чырвонай Арміі 3 ліпеня вызвалены Мінск, 5-га - узяты горад Маладзечна, 8-га - вызвалены Навагрудак, Баранавічы, Ліда.

Знішчэнне 4-й арміі вермахта на ўсход ад Мінска адкрыла прывабныя перспектывы. І ўжо 4 ліпеня Іван Чарняхоўскі атрымаў дырэктыву Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання з задачай наступаць у агульным напрамку на Вільнюс, Каўнас і да 12 ліпеня вызваліць Вільнюс і Ліду, у далейшым захапіць плацдарм на заходнім беразе Нёмана.

На другім этапе аперацыі "Баграціён" была праведзена Вільнюская аперацыя. Яе правёў 3-ці Беларускі фронт, наступленне было падтрымана 5-й гвардзейскай танкавай арміяй. Аперацыя пачалася 5 ліпеня.

Нямецкае камандаванне спрабавала спыніць перамяшчэнне савецкіх войскаў на загадзя падрыхтаваным участку Даўгаўпілс, Вільнюс, Ліда, дзе канцэнтраваліся адступаўшыя часткі групы армій "Цэнтр". Асабліва моцную групоўку яно стварыла ў раёне Вільнюса

Аднак 7-9 ліпеня савецкія войскі выйшлі да гарадскіх умацаванняў, прарвалі іх і акружылі варожы гарнізон. Разгарнуліся баі па знішчэнні акружаных войскаў.

У ходзе пяцідзённых баёў савецкія войскі 13 ліпеня вызвалілі Вільнюс. Тым часам паўднёвае крыло фронту спакойна перамяшчалася на захад. 3-і гвардзейскі кавалерыйскі корпус авалодаў Лідай і да 16 ліпеня выйшаў да Гродна. Да 15 ліпеня 3-ці Беларускі фронт захапіў плацдарм за Нёманам.-0-
Да 80-годдзя вызвалення Беларусі. Аперацыя
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі