Сцяг Серада, 27 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 ліпеня 2024, 10:08

Вызваленне Беларусі. Узятыя ў палон у ходзе аперацыі "Баграціён" немцы прайшлі "Парадам пераможаных" па Маскве

17 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. 17 ліпеня 1944 года прывезеныя з раёнаў нядаўніх баёў у Беларусі больш як 57 тыс. палонных немцаў прайшлі па Маскве у "Парадзе пераможаных". На чале калон ішлі 19 нямецкіх генералаў у пакінутай ім форме і пры ордэнах.

Больш за 120 тыс. масквічоў і гасцей сталіцы маглі назіраць за тым, як пад канвоем ваенных і байцоў войскаў НКУС па маскоўскіх вуліцах ідуць запыленыя калоны ў германскай палявой форме. Услед за калонамі ішлі палівальныя машыны, якія змывалі з асфальта сляды фашысцкай нечысці.

Кіраўніцтва СССР адважылася на такую акцыю, каб у тым ліку даказаць грандыёзны поспех летняга наступлення Чырвонай Арміі ў Беларусі, адносна якога саюзнікі неабгрунтавана выказвалі недавер. Асноўныя сілы вермахта былі сканцэнтраваны на Усходнім фронце, і дэманстрацыя каласальнай колькасці палонных нямецкіх салдат павінна была даказаць, наколькі паспяхова развіваецца савецкае наступленне. У якасці ўдзельнікаў "Парада пераможаных" былі выбраны выключна нямецкія ваеннапалонныя, захопленыя ў ходзе аперацыі "Баграціён".

Відавочцы ўспамінаюць, што першыя мінуты шэсце ішло ў аглушальным маўчанні. Масквічы, загадзя папярэджаныя аб захаванні парадку, назіралі за палоннымі бязгучна. У рапарце ў Дзяржаўны камітэт абароны наркам унутраных спраў СССР Лаўрэнцій Берыя дакладваў, што "ніякіх здарэнняў у горадзе ў час праходжання калон ваеннапалонных не было... Насельніцтва паводзіла сябе арганізавана, былі шматлікія прывітанні ў гонар Чырвонай Арміі і вялікая колькасць антыфашысцкіх выкрыкаў".

Дайшоўшы да плошчы Маякоўскага, калона ваеннапалонных раздзялілася. Асноўная частка на чале з генераламі павярнула ў бок Курскага вакзала і дайшла да эшалонаў, якія чакалі іх там. Гэтым маршрутам прайшлі больш як 40 тыс. ваеннапалонных, астатнія павярнулі на Садовае кальцо і дайшлі да Калужскай плошчы, адкуль прайшлі да станцыі Канатчыкава акружной чыгункі, адкуль і былі адпраўлены ў лагеры.

У 1949 годзе Савецкі Саюз падпісаў Трэцюю Жэнеўскую канвенцыю аб абыходжанні з ваеннапалоннымі, якая забараняе такія маршы.-0-
Фота партала ГІСТОРЫЯ.РФ
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі