Сцяг Серада, 27 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 ліпеня 2024, 10:16

Вызваленне Беларусі ў ліпені 1944-га. Аперацыя "Баграціён"

3 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На працягу першых дзён правядзення Беларускай наступальнай аперацыі "Баграціён" група нямецкіх армій "Цэнтр" пацярпела катастрафічнае паражэнне, яе галоўныя сілы былі акружаны і разгромлены. Савецкія войскі, абыходзячы апорныя пункты ворага лясамі і балотамі, прадаўжалі рухацца ў напрамку Мінска, Слуцка і Маладзечна.
З магутным ударам Чырвонай Арміі зліліся рашучыя дзеянні беларускіх партызан, якімі ўпершыню за перыяд Вялікай Айчыннай вайны былі наладжаны сувязь і аператыўнае ўзаемадзеянне з войскамі франтоў. Народныя мсціўцы наносілі ўдары па камунікацыях праціўніка, зрывалі падвоз падмацаванняў, узбраення і боепрыпасаў да лініі фронту, арганізоўвалі засады.

Асаблівую ролю ў дасягненні высокіх тэмпаў наступлення адыгралі танкавыя войскі. Так, робячы рэйд па лясах і балотах у тыле праціўніка, не ўвязваючыся ў зацяжныя баі, 4-я гвардзейская танкавая брыгада падпалкоўніка А.А.Лосіка, якая ўваходзіла ў 2-і гвардзейскі танкавы корпус, апярэдзіла галоўныя сілы адступаючых гітлераўцаў больш як на 100 км. У ноч на 3 ліпеня брыгада па шашы  накіравалася да Мінска, з ходу разгарнулася ў баявы парадак і з паўночнага ўсходу ўварвалася на гарадскія ўскраіны. Хутка на паўночную ўскраіну Мінска выйшлі і перадавыя часці 5-й гвардзейскай танкавай арміі.
Адціскаючы праціўніка, танкавыя часці, падтрыманыя паспеўшымі войскамі 11-й гвардзейскай і 31-й войскі 3-га Беларускага фронту, пачалі адбіваць у ворага квартал за кварталам. У сярэдзіне дня 3 ліпеня з паўднёвага ўсходу ў горад уступіў 1-ы гвардзейскі танкавы корпус, а следам за ім - 3-я армія 1-га Беларускага фронту. Позна вечарам 3 ліпеня 1944 года сталіца Беларусі была вызвалена ад акупантаў.
3 ліпеня вызвалены Глыбоцкі, Пухавіцкі, Бярэзінскі, Ільянскі, Радашковіцкі і Астравецкі раёны.

Пад Мінскам была акружана і да 11 ліпеня разгромлена буйная групоўка нямецкіх войскаў. Знішчэнне акружанай групоўкі гітлераўцаў пад Мінскам Стаўка Галоўнакамандавання ўсклала на войскі 2-га Беларускага фронту і 31-ю армію 3-га Беларускага фронту. У "мінскі кацёл" трапіла 105 тыс. гітлераўцаў. Упершыню ў наступальных дзеяннях Чырвонай Арміі праціўнік быў акружаны і разгромлены ў выніку паралельнага і франтальнага праследавання на глыбіні 200-250 км ад пярэдняга краю яго абароны. На заключным этапе галоўную ролю ў ліквідацыі "мінскага катла" адыграла 31-я армія генерала В.Д.Кручонкіна.

За 12 дзён савецкія войскі рушылі наперад на 225-280 км пры сярэднясутачным тэмпе да 20-25 км, вызвалілі большую частку Беларусі.

З выхадам савецкіх войскаў на рубеж Полацк, воз. Нарач, Маладзечна, на захад ад Нясвіжа ў стратэгічным фронце праціўніка ўтварылася брэш працягласцю 400 км. Спробы нямецка-фашысцкага камандавання закрыць яе асобнымі дывізіямі, якія спешна перакідвалі з іншых напрамкаў, не маглі даць якіх-небудзь значных вынікаў. Перад савецкімі войскамі з'явілася магчымасць пачаць неадступнае праследаванне астаткаў разбітых варожых войскаў.

Упартыя баі за Полацк працягваліся чатыры дні. У ходзе Полацкай аперацыі войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту 4 ліпеня вызвалілі горад. 31 часці і злучэнню, якія вызначылася пры вызваленні горада, прысвоены ганаровыя найменні "Полацкіх". У гэты ж дзень вызвалены Дунілавіцкі, Дзісенскі, Мёрскі, Клецкі, Заслаўскі, Рудзенскі, Уздзенскі, Крывіцкі, Мядзельскі і Нясвіжскі раёны.
5 ліпеня вызвалены Ляхавіцкі, Смаргонскі, Валожынскі, Тураўскі, Пастаўскі раёны. У час Вільнюскай аперацыі войскамі 3-га Беларускага фронту вызвалены горад Маладзечна. 13 часцям і злучэнням, якія вызначыліся пры вызваленні горада, прысвоены ганаровыя найменні "Маладзечанскіх".

6 ліпеня вызвалены Жыткавіцкі, Івянецкі, Дзяржынскі, Браслаўскі, Ленінскі, Свірскі; 7 ліпеня - Ашмянскі, Юрацішкаўскі, Мірскі, Столінскі, Ганцавіцкі раёны.

8 ліпеня ў час Беластоцкай аперацыі войскамі 2-га Беларускага фронту вызвалены Навагрудак. У ходзе наступлення на баранавіцка-слонімскім напрамку войскі 1-га Беларускага фронту вызвалілі абласны цэнтр Баранавічы. 28 часцям і злучэнням, якія вызначыліся пры вызваленні горада, прысвоены ганаровыя найменні "Баранавіцкіх". Ад акупантаў ачышчаны Відзаўскі, Любчанскі, Іўеўскі, Карэліцкі, Навагрудскі, Навамышскі, Гарадзішчанскі раёны.

9 ліпеня ў час Віленскай аперацыі войскамі 3-га Беларускага фронту вызвалена Ліда. 4 часцям і злучэнням, якія вызначыліся пры вызваленні горада, прысвоены ганаровыя найменні "Лідскіх". Вызвалены Дзятлаўскі, Давыд-Гарадоцкі раёны.

З 10 па 15 ліпеня вызвалены Слонімскі, Быценскі, Лунінецкі, Целяханскі, Воранаўскі, Косаўскі, Дрысенскі, Расонскі, Васілішкаўскі, Жалудоцкі, Зэльвенскі, Мастоўскі, Шчучынскі, Казлоўшчынскі, Радунскі, Ружанскі, Ваўкавыскі, Скідзельскі, Поразаўскі, Лагішынскі і Беразоўскі раёны.
У ходзе наступлення на баранавіцка-брэсцкім напрамку войскі 1-га Беларускага фронту пры падтрымцы Дняпроўскай рачной ваеннай флатыліі 14 ліпеня штурмам авалодалі горадам Пінскам. Ноччу караблі флатыліі высадзілі дэсант на паўднёвай ускраіне горада. Дэсантнікі завязалі вулічныя баі з гарнізонам праціўніка. Тым часам савецкія войскі фарсіравалі рэкі Ясельда і Прыпяць і з двух бакоў уварваліся ў горад. 18 часцям і злучэнням, якія вызначыліся пры вызваленні горада, прысвоены ганаровыя найменні "Пінскіх".

5-16 ліпеня савецкія войскі праследавалі адыходзячыя часці праціўніка, знішчаючы іх ар'ергарды і адбіваючы контратакі. Войскі 3-й арміі 8 ліпеня авалодалі Навагрудкам і да канца 9 ліпеня дасягнулі рубяжа ракі Нёман і Моўчадзь, рушылі наперад за пяць сутак на 120-125 км. Уведзеныя ў бітву 10 ліпеня войскі 50-й арміі да 16 ліпеня выйшлі на рубеж рэк Свіслач і Нёман, фарсіравалі іх і вызвалілі Гродна (16 ліпеня - правабярэжная частка горада, 24 ліпеня - занёманская частка). Часцям і злучэнням, якія вызначыліся пры вызваленні горада, прысвоены ганаровыя найменні "Гродзенскіх". 16 ліпеня вызвалены Жабчыцкі, Пружанскі, Іванаўскі, Антопальскі раёны.

З 17 па 28 ліпеня савецкія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Асвейскага, Бераставіцкага, Свіслацкага, Шарашоўскага, Драгічынскага, Сапоцкінскага, Жабінкаўскага, Кобрынскага, Маларыцкага, Дзівінскага, Камянецкага, Дамачаўскага і Высокаўскага раёнаў.

28 ліпеня ў час Люблін-Брэсцкай наступальнай аперацыі 70-я армія, фарсіраваўшы Заходні Буг, абышла Брэст з паўднёвага захаду, а 28-я армія выйшла да Заходняга Буга на паўночны захад ад Брэста. Шляхі адыходу брэсцкай групоўкі праціўніка на захад былі адрэзаны. 28 ліпеня войскі 61-й арміі пры садзейнічанні часці сіл 70-й і 28-й армій вызвалілі Брэст. 47 часцям і злучэнням, якія вызначыліся пры вызваленні горада, прысвоены ганаровыя найменні "Брэсцкіх".
З вызваленнем Брэста было завершана вызваленне тэрыторыі Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Да канца ліпеня Беларусь была поўнасцю ачышчана ад гітлераўскіх акупантаў, пачалося вызваленне Літвы, Латвіі і Польшчы. У ходзе аперацыі "Баграціён" лінія фронту была адкінута на захад на 600 км.
Разгром нямецка-фашысцкіх войскаў у Беларусі ўвайшоў у гісторыю як адна з важнейшых бітваў Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў. Многія гісторыкі расцэньваюць яго як катастрофу вермахта, а некаторыя - і як канчатковае паражэнне нацыстаў. Сапраўды, агульныя страты немцаў летам 1944 года перасягнулі тыя, якія яны панеслі на Волзе, пад Сталінградам.

Радзіма высока ацаніла масавы гераізм савецкіх воінаў у баях за Беларусь: 1687 чалавек былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, у тым ліку 39 беларусаў; на беларускай зямлі звыш 20 воінаў паўтарылі подзвіг Аляксандра Матросава; звыш 10 лётчыкаў здзейснілі паветраныя тараны і каля 30 - паўтарылі подзвіг Мікалая Гастэлы; 874 воінскія часці ўзнагароджаны ордэнамі; 747 воінскіх часцей удастоены ганаровых найменняў беларускіх гарадоў; звыш 100 Герояў Савецкага Саюза ў пасляваенныя гады былі ўдастоены звання ганаровых грамадзян беларускіх гарадоў. Камандуючы 65-й арміі генерал Павел Батаў удастоены гэтага звання ў сямі гарадах, вызваленых яго байцамі: Баранавічах, Бабруйску, Калінкавічах, Лоеве, Рэчыцы, Светлагорску, Слоніме.
Беларусь памятае і шануе сваіх вызваліцеляў. На алтар Вялікай Перамогі Беларусь прынесла мільёны жыццяў сваіх грамадзян. На франтах Вялікай Айчыннай вайны змагаліся 1 млн 300 тыс. беларусаў і ўраджэнцаў рэспублікі. Свой уклад у разгром фашысцкіх захопнікаў унеслі партызаны і падпольшчыкі. За тры гады гераічнай барацьбы ў тыле ворага патрыёты Беларусі знішчылі амаль паўмільёна гітлераўцаў і паліцэйскіх. Уклад беларускага народа ў Вялікую Перамогу, у справу разгрому фашызму атрымаў прызнанне ва ўсім свеце.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі